Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Запарожжа: прарасейскія актывісты са сьцягамі СССР просяць фэдэралізацыі


Прарасейскія актывісты са сьцягамі СССР выйшлі на вуліцы Запарожжа з заклікамі правесьці рэфэрэндум па фэдэралізацыі Ўкраіны.

Адначасова з раніцы ў штабе самаабароны Запароскай вобласьці раздавалі ўказаньні і інструкцыі па прадухіленьні правакацый. Таму актывісты вырашылі ігнараваць першатравеньскі мітынг на плошчы Леніна.

Судовая забарона на правядзеньне шэсьцяў дзейнічае ў горадзе яшчэ два тыдні, аднак суд не забараніў зьбірацца ў асобных месцах, паведамляе карэспандэнт Радыё Свабода ў Запарожжы.

«Мы хочам рэфэрэндуму. І каб ён быў сумленным. Калі б большасьць гараджан прагаласавалі супраць фэдэралізацыі, мы б не спрачаліся зь імі і жылі ў складзе Запароскай вобласьці. Аднак рэфэрэндум правесьці не даюць», — заявілі актывісты мітынгу.

На сходзе прысутнічалі прадстаўнікі марксісцка-ленінскага клюбу. На плошчы яны ўзьнялі сьцягі СССР. Іншыя мітынгоўцы ўзьнялі дзясяткі сьцягоў Кампартыі. Ніводнага сьцягу Ўкраіны не было.

Першатравеньскія мерапрыемствы ў Запарожжы прайшлі без сутыкненьняў. Самаабарона і Аўтамайдан працягваюць патруляваньне на вуліцах гораду.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG