Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расейска-украінскія перамовы будуць. Пакуль толькі пра газ


Украіна, Расея і Эўразьвяз сядуць за стол перамоваў па газавым пытаньні. Трохбаковая сустрэча адбудзецца 2 траўня ў Варшаве.

Удзел Украіны ў сустрэчы, як паведамляе ўкраінская служба радыё Свабода, пацьвердзіў міністар энэргетыкі і вугальнай прамысловасьці Ўкраіны Юры Продан. Пры гэтым Украіна захоўвае за сабой права зьвярнуцца ў Стакгольмскі арбітражны суд, шанцы выйграць які, па прагнозах экспэртаў, ва Ўкраіны дастаткова высокія.

Украіна не разьлічылася за газ ні за сакавік, ні за красавік, і яе доўг, па падліках Газпрому, на сёньня складае амаль 3,5 мільярда даляраў. З такой запазычанасьцю Кіеў катэгарычна ня згодны.

«Мы не пагаджаемся з тымі рахункамі і тымі цэнамі, якія нам выставілі. За такую цану мы ня можам купляць. Нашы прапановы, якія Нафтагаз адправіў Газпрому — гэта цана 268,5 долара за тысячу кубаметраў. Як гэта было з 1 студзеня 2014 году», — заявіў міністар Продан.

Прэм’ер-міністар Украіны Арсені Яцанюк таксама паведаміў, што Эўразьвяз і Расея дасягнулі дамоўленасьці аб правядзеньні трохбаковай сустрэчы для вырашэньня газавага пытаньня. Сустрэча неабходная, дадаў Яцанюк, для ўсіх бакоў, у тым ліку і для Расеі, улічваючы перадарбітражную прэтэнзію, якую Нафтагаз Украіны нядаўна накіраваў расейскаму Газпрому.

«Праз 29 дзён, калі ня будзе дасягнутае пагадненьне і задаволеныя патрабаваньні украінскага боку, мы ўжо сустрэнемся ў Стакгольме ў арбітражным судзе», — падкрэсьліў Яцанюк.

Да 1 красавіка кошт расейскага газу для Ўкраіны з улікам усіх скідак складаў 268,5 даляра за тысячу кубамэтраў. Пасьля адмены скідак Масквою цана на газ для Ўкраіны дасягнула 485 даляраў за тысячу кубамэтраў.
XS
SM
MD
LG