Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Мэр» Славянска: Мы пачалі перамовы па абмену палонных


Самаабвешчаны мэр Славянска Вячаслаў Панамароў

Самаабвешчаны мэр Славянска Вячаслаў Панамароў

Баевікі пачалі перамовы з уладамі Кіеву аб абмене затрыманых назіральнікаў АБСЭ на сваіх паплечнікаў. Пра гэта заявіў самаабвешчаны мэр Славянска Вячаслаў Панамароў.

«Гэтыя прадстаўнікі АБСЭ па-ранейшаму застаюцца ў Славянску, мы стварылі для іх камфортныя ўмовы, адносіны зь імі сяброўскія. Вядома, яны хочуць дадому, і мы ўжо вядзем адпаведныя перамовы з кіеўскімі ўладамі. Спадзяемся, што нам удасца абмяняць іх на нашых паплечнікаў, захопленых Кіевам», — паведаміў Панамароў «Інтэрфаксу».

Ён удакладніў, што таксама ў Славянску па-ранейшаму застаюцца і трое узятых баевікамі ў палон байцоў спэцпадразьдзяленьня СБУ Альфа«. «Яны таксама ў нас, нармальна сябе адчуваюць, будзем таксама спрабаваць іх абмяняць», — запэўніў Панамароў.

Паводле яго, абстаноўка ў Славянску спакойная. «Мы рыхтаваліся да таго, што ўначы будзе штурм гораду, але чамусьці ён не адбыўся. Цяпер усё спакойна, людзі рыхтуюцца выйсьці на першамайскія дэманстрацыі», — сказаў самаабвешчаны мэр.

25 красавіка на ўезьдзе ў горад Славянск Данецкай вобласьці баевікі спынілі аўтобус, у якім знаходзілася інспэкцыйная група АБСЭ, узялі іх у закладнікі. У складзе групы — чацьвёра прадстаўнікоў ФРГ і па адным з Швэцыі, Польшчы, Даніі і Чэхіі. Пазьней грамадзянін Швэцыі, які цярпіць на цукровы дыябэт, быў вызвалены.

Трох афіцэраў спэцпадразьдзяленьня «Альфа» Службы бясьпекі Ўкраіны сэпаратысты затрымалі ў суседнім са Славянскам паселішчы Горлаўка.
XS
SM
MD
LG