Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Магілёўскі ўкраінец: «Я не наварос!»


Бюст Тараса Шаўчэнкі ў Магілёве
Бюст Тараса Шаўчэнкі ў Магілёве

Драматычныя падзеі ва Ўкраіне балюча ўспрымаюць беларускія ўкраінцы. Пагроза вайны з Расеяй становіцца ўсё больш рэальнай. Шанцаў на мірнае разьвязаньне канфлікту — усё меней. Украінская дзяржава апынулася на мяжы расколу. Што мяркуюць на гэты конт магілёўскія ўкраінцы?

Магілёўскі ўкраінец Вадзім быў на Майдане, цяпер з трывогаю сочыць за драматычнымі падзеямі на ўсходзе сваёй гістарычнай радзімы. У яго мала спадзеву, што супрацьстаяньне там можна разьвязаць мірным шляхам. Прычыны таго, што цяпер адбываецца на Данеччыне, Луганшчыне, Вадзім бачыць у гісторыі тых мясьцінаў. Пасьля Галадамору, вайны, кажа ён, туды прыехала шмат прарасейска настроеных людзей.

«Яны прыехалі з Расеі і, па сутнасьці, сваю прарасейскую палітыку і захавалі. „Пятая калёна“ ўва ўсёй уладзе зь нізу да верху. Усё занятае прарасейскімі сіламі, для якіх Украіна — проста слова, і яно для іх нічога не азначае».

На думку магілёўскага ўкраінца, кіеўская ўлада не гатовая да рашучых дзеяньняў і баіцца адказнасьці за іх. Такім чынам, заяўляе Вадзім, цэнтральная ўлада пакідае ўкраінцаў сам-насам з узброенымі сэпаратыстамі:

«Па сутнасьці, іх здаюць. Іх жа там ня проста б’юць, а забіваюць. Ім жыцьця там ня будзе, як няма цяпер жыцьця ўкраінцам і крымскім татарам у Крыме. Гэтак жа сама ня будзе жыцьця ўкраінцам ні ў Луганску, ні ў Данецку. Там людзі папросту езьдзяць, страляюць, рабуюць, забіваюць, і ім за ўсё гэта нічога».

Вадзім адзначае непасьлядоўнасьць пазыцыі беларускай улады адносна сытуацыі ва Ўкраіне. Не чакае ён пасьлядоўнасьці ад Аляксандра Лукашэнкі і ў бліжэйшай будучыні:

«Як у той хуткагаворцы: настолькі „лявіраваў, лявіраваў ды далявіраваўся“, што ня ведае, куды падацца. Няма куды далей. І тым стараўся, і тым стараўся...»

Няма аптымізму адносна спакою ва Ўкраіне і ў магілёўскага ўкраінца Аляксандра. Расея доўга рыхтавалася да вайны з Украінай, заяўляе ён. Аляксандар згадвае, як у 2011 годзе прачытаў расейскую кнігу з сэрыі «Навуковая фантастыка». У ёй ішлося, кажа суразмоўца, пра тое, як расейскія войскі вызвалялі ад украінцаў і крымскіх татараў расейскамоўнае насельніцтва Севастопаля. Тады гэта было сапраўды фантастыкай, цяпер яна стала рэальнасьцю:
Монстар, які называў сябе старэйшым братам, разарве Ўкраіну


«Монстар, які называў сябе старэйшым братам, разарве Ўкраіну. Пытаньне толькі часу, колькасьці ахвяраў і колькасьці абласьцей, якія, на жаль, могуць адысьці да Расеі», — мяркуе Аляксандар. Ён лічыць: ва ўсходніх абласьцях Украіны цяпер сэпаратысты мэтанакіравана нацкоўваюць жыхароў адзін на аднаго. Расейскамоўныя людзі былі заўжды пасіўнымі, і іх да агрэсіўнай актыўнасьці цяпер падбіваюць.

Аляксандар лічыць, што пазыцыя беларускай улады адносна сытуацыі ва Ўкраіне слушная. Ён не бярэ на сябе сьмеласьці асуджаць Лукашэнку за непасьлядоўнасьць дзеяньняў, аднак заўважае, што, знаходзячыся ў саюзе з Расеяй і пад яе ціскам, іначай прэзыдэнт Беларусі паводзіць сябе ня можа. «Аляксандар Рыгоравіч у гэтым пытаньні паводзіць сябе слушна, але я ніхто, каб яго судзіць», — падсумоўвае магілёўскі ўкраінец.

Што да пазыцыі простых беларусаў, то суразмоўца адзначае: большасьць зь ягонага асяродзьдзя салідарныя з украінцамі і не падпалі пад уплыў расейскіх СМІ. Аляксандар спадзяецца, што ўсе беларусы бачаць Украіну цэласнай, гэтак жа як і ён сам:

«Я за тое, каб Украіна была цэласнай. Я доўгі час жыў у Адэсе. Там дужа шмат розных нацыянальнасьцяў, і ўсе ўжываюцца. Але ж я і за тое, каб ва Ўкраіне было сваё аблічча, каб мы не забылі, хто мы ёсьць. Я не наварос! Я ўкраінец».

Гэта вайна Расеі супраць Украіны, адказвае на пытаньне пра сытуацыю на сваёй гістарычнай радзіме магілёўскі ўкраінец Юры.

«Вайна новая, нахабная, прыхаваная, уцёмную», — тлумачыць суразмоўца. На ягоную думку, цяпер ад Пуціна залежыць, ці ўвойдуць ва Ўкраіну расейскія вайскоўцы:

«Калі ж яны ўвойдуць, то нейкая частка тэрыторыі будзе акупаваная, але ж народ ня здасца. Украінцы маюць такі характар, пра які расейцы нават не здагадваюцца. Яны мяркуюць, што ўкраінцы бязвольныя і нерашучыя, але гэта ня так».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG