Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Сапраўдныя ворагі Лукашэнкі — не на плошчах, а ў чыноўніцкіх кабінэтах»


Валянцін Жданко

Валянцін Жданко

Новая перадача сэрыі «Паштовая скрынка 111». Эфір 30 красавіка 2014 году

Назіраючы за тым, як усё больш відавочнымі становяцца спробы Расеі дэстабілізаваць і разьдзяліць Украіну, многія людзі ў Беларусі міжволі задумваюцца пра лёс беларускай незалежнасьці. Тое, што беларуская дзяржава можа сутыкнуцца з рэальнай пагрозай з боку агрэсіўнага ўсходняга суседа, стала ледзь не галоўнай тэмай чарговага гадавога пасланьня, зь якім Аляксандар Лукашэнка зьвярнуўся да народа на мінулым тыдні.

На гэтую тэму — значная частка пошты Свабоды Наш даўні сябар Кастусь Сырэль з Ушачаў, акцэнтуючы ўвагу на так званай «праблеме расейскамоўных», якую Масква найчасьцей выкарыстоўвае ў якасьці зачэпкі для агрэсіі, піша:
«У чым тут Рыгоравіч мае рацыю, дык гэта ў тым, што такой праблемы ў Беларусі не існуе. Але я хачу шчыра запэўніць Рыгоравіча, што калі Пуціну спатрэбіцца знайсьці падставу захапіць частку ня толькі Беларусі, а нават Папуа — Новай Гвінэі, дзе наогул няма аніводнага расейца, то такая падстава абавязкова знойдзецца. Доўга ўмеючы? Адшукае ВВП некалькі непрызнаных актораў-няўдачнікаў і пару алкашоў бяз пэўнага месца жыхарства, якія за дзесяць даляраў нагавораць на відэакамэру ўсё што заўгодна. Тут на сцэну (дакладней, на экран), як чорцік з табакеркі, выскоквае Дзіма Кісялёў — і справа зроблена! Ну, а замбаваны расейскі электарат праглыне любую страву, прыгатаваную такім дасьведчаным кухарам, як расейскае тэлебачаньне. Праглынуў жа ён байкі пра прыцясьненьне рускіх у Крыме.

Няўжо Рыгоравіч гэтага не разумее? Тым больш што сам мае адпаведны досьвед.

У сувязі з гэтым паўстае іншае пытаньне: хто сябры Лукашэнкі і хто ягоныя сапраўдныя ворагі? Сапраўдны сябра ня будзе паскудзіць спотайку, ён скажа праўду адкрыта, у вочы. Так робяць тыя, каго Лукашэнка называе то „так званай апазыцыяй“, то „пятай калёнай“ — яны адкрыта выходзяць на плошчу і кажуць пра сваю занепакоенасьць станам рэчаў у краіне. Навошта ты забараняеш мітынгі, навошта разганяеш дручкамі мірных пратэстоўцаў? Хочаш загнаць іх на кухні, як гэта было ў СССР, а неабходную інфармацыю пра настроі ў грамадзтве зьбіраць з дапамогай тысяч і тысяч супрацоўнікаў КДБ? Які сэнс у арміі высокааплатных дармаедаў, калі плошча табе ўсё скажа бясплатна?

Ягоныя сапраўдныя ворагі не на плошчах, а ва ўтульных кабінэтах. Гэта тыя, хто ўпотай разьдзярбаньвае дзяржаўны бюджэт, цішком раскрадае шматмільярдныя крэдыты, а на скрадзеныя грошы будуе сабе цёплыя гнязьдзечкі на Канарах»
.

Заўважце, спадар Кастусь, што гэтым разам на адрас унутранай апазыцыі праклёнаў і зьнявагаў з боку Лукашэнкі практычна не гучала. Акцэнты адносна галоўных пагрозаў і небясьпекаў былі расстаўлены даволі слушна: гэта і непрадказальная экспансіянісцкая палітыка Расеі, і разгул карупцыі, і самаўладзтва чыноўнікаў... Зразумела, што трывожыцца Лукашэнка галоўным чынам за ўстойлівасьць і даўгавечнасьць уласнай прэзыдэнцкай улады. Парадокс у тым, што гэта — тыя самыя пагрозы і небясьпекі, перад якімі апынулася нацыянальная дзяржаўнасьць і незалежнасьць. І невыпадкова пасьля столькіх гадоў насьмешак і кплівых выпадаў з вуснаў Лукашэнкі прагучалі спагадлівыя словы на адрас беларускай мовы. Ня будзе мовы — ня будзе нацыі. А бяз нацыі — якая дзяржаўная незалежнасьць? Асабліва ва ўмовах, калі на ўсходзе — такі сусед.

Пра некаторыя адметнасьці той мадэлі дзяржаўнага ўладкаваньня, якая створана Лукашэнкам у Беларусі і дзейнічае ўжо амаль 20 год, разважае ў сваім лісьце на Свабоду Яўген Мікітаў з Воршы. Слухач піша:
«Што такое рынкавы сацыялізм, які нібыта збудаваны Лукашэнкам у Беларусі? Гэта калі для рабочых і калгасьнікаў — гулагаўскі сацыялізм, а для чыноўнікаў-бюракратаў — дзікі капіталізм. За верную службу ўладару рознага кшталту начальнікі ўвесь час атрымліваюць разнастайныя падвышкі ды прэміі. А ў шараговых працаўнікоў заробкі застаюцца мізэрнымі.

Так было і раней. Зь беднымі ніхто не лічыўся. Такімі лягчэй кіраваць. А ўздумае хто паказаць свой нораў — дык яго кантрактам па сьпіне ды за вароты. І ніхто вас не абароніць, бо так званы прафсаюз Козіка стаў часткай сыстэмы, дзе абарона годнасьці працоўнага чалавека зьведзена да нуля. Вось і маўчыць рабочы чалавек, сьціснуўшы зубы, цярпіць выкрунтасы ўлады. Напэўна, не настаў яшчэ час выбуху.

Улада нібыта правяла прыватызацыю прадпрыемстваў. Але якую? Калектывам пакінулі пару працэнтаў акцыяў, а 95 працэнтаў пайшло ў цэнтар, чыноўнікам-бюракратам. Вось, напрыклад, я за свае чэкі „Маёмасьць“ купіў акцыі пасьпяховага прадпрыемства. Атрымаў дывідэнды, якіх хапіла на тое, каб набыць адну драўляную лыжку. А потым гэтыя дывідэнды ўвогуле перасталі налічваць.

Чыноўнікі-вэртыкальшчыкі здаюць у арэнду лес, вадаёмы. Зразумела, не абы-каму і не за так. Потым гэты лес пілуюць, не шкадуючы. А вадаёмы эксплюатуюць. Хочаш злавіць рыбку — плаці. Хоць гэты вадаём будавалі ў савецкі час, за грошы працоўных. Вось так адбываецца рабаваньне працоўнага люду ў Беларусі. Калі так пойдзе і далей, то агульнанародная ўласнасьць неўзабаве апынецца ў руках багатых іншаземцаў (расейцаў, кітайцаў). А беларусы застануцца з носам — пакорлівымі працаўнікамі, парабкамі. А могуць і ўвогуле застацца бяз працы, бо кітайцы прывязуць сваіх рабочых.

І нельга прадаваць галоўныя фабрыкі і заводы расейцам. Бо толькі і глядзі, што Расея пад выглядам абароны сваіх прадпрыемстваў ці сваіх суайчыньнікаў можа ўвесьці войскі. І зноў будзе расейская акупацыя. Нельга пускаць казла ў наш беларускі агарод»
.

Адметна, што гэты свой ліст Яўген Мікітаў пісаў задоўга да ўкраінскіх падзеяў і расейскай акупацыі Крыму. У такіх выпадках кажуць: як у ваду глядзеў...

Да чаго прыводзіць неабмежаваная ўлада чыноўніцкага апарату і патураньне карысьлівым інтарэсам намэнклятуры — выразна паказаў прыклад суседняй Украіны. Недахоп дэмакратычных свабодаў украінцы, можа, яшчэ і пацярпелі б. А вось цынічную і нахабную карупцыю, якая пранізала ўсе сфэры дзяржавы і прывяла да масавай галечы і неабароненасьці шараговага грамадзяніна перад хцівасьцю і нахабствам любога начальніка — цярпець ужо не маглі.

Ці зрабіла беларуская ўлада высновы з украінскага досьведу? Мяркуючы па тым, што апошнім часам амаль штотыдзень становіцца вядома пра чарговыя арышты высокапастаўленых беларускіх чыноўнікаў-карупцыянэраў — пэўныя высновы ўсё ж зроблены.

Наш слухач Вальдэмар Станчык з Маладэчна, з трывогай назіраючы за падзеямі на постсавецкай прасторы, згадвае тыя спробы зазірнуць у будучыню, якую рабілі колішнія савецкія пісьменьнікі яшчэ падчас існаваньня СССР. Спадар Вальдэмар піша:
«Памятаю, у другой палове 80-х гадоў расейская Свабода перадавала ўрыўкі з фантастычнага раману знакамітага Ўладзімера Вайновіча „Масква, 2042“. Дужа шмат мне з таго твору запомнілася. Напрыклад, тое, што ў 2042 годзе краінай кіруе ЦК КПГБ. А камунізм пабудавалі не ва ўсёй краіне, а толькі ў Маскве. Дакладней, у Маскоўскай камуністычнай рэспубліцы (Маскарэпе). Пры гэтым маскоўскае камуністычнае грамадзтва жыве ў галечы і дзікунстве. Летам грамадзяне носяць кароткія штаны і спадніцы дзеля эканоміі тканіны; стрыгуцца пад нуль і здаюць валасы, а харчуюцца сурагатамі з бручкі і лебяды па талёнах, якія атрымліваюць за абавязковую здачу „другаснага прадукту“ (нечыстот, якія Савецкі Саюз экспартуе на Захад, бо нафта і газ ужо скончыліся).

Адметна, што кіруе савецкай імпэрыяй узору 2042 году Геніялісімус, які прыйшоў да ўлады ў выніку змовы маладых разгневаных генэралаў КДБ і Вялікай жнівеньскай камуністычнай рэвалюцыі, а чальцы Вярхоўнага Пяцікутніка адкрыта лаюць заганы разьвітога сацыялізму і звальваюць свае, так бы мовіць „часовыя цяжкасьці“ на цяжкую спадчыну „культыстаў, валюнтарыстаў, карупцыяністаў і рэфармістаў“. Пры гэтым маскоўскаму камунізму ўласьцівыя ўсе тыя недахопы, што былі і пры сацыялізьме: сацыяльная няроўнасьць, прывілеі намэнклятуры.

Навошта я ўспамінаю прадбачаньне пісьменьніка? Падзеі апошняга часу паказваюць, што наконт расейскай улады Вайновіч меў рацыю. І няўжо расейская дзяржава будзе рухацца ў такім кірунку, каб збыліся ўсе фантазіі, апісаныя ў рамане „Масква, 2042“?»

Цікава, што сам Уладзімер Вайновіч праз трыццаць год пасьля выхаду кнігі ў інтэрвію Радыё Свабода выказаў думку, што многае з апісанага ім у рамане ажыцьцявілася менавіта ў пуцінскай Расеі. Хоць пісаў ён антыўтопію і тую будучыню, якую паказваў, зусім не спадзяваўся ўбачыць у рэчаіснасьці. А цяпер, як адзначае Вайновіч, рэальнасьць часам нават пераўзыходзіць тое, што ён напрыдумляў. Пісьменьнік асабліва акцэнтуе ўвагу на тым, як былыя ваяўнічыя атэісты ператварыліся ў зацятых клерыкалаў, царкоўнікі стаяць на службе ў былых супрацоўнікаў КДБ, а ў краіне звыклымі становяцца суды над іншадумцамі — кшалту абуральнага працэсу над Pussy Riot...

На заканчэньне — ліст з развагамі пра ролю Радыё Свабода ў цяперашніх беларускіх умовах, які мы атрымалі ад нашага слухача Міхаіла Паўлоўскага з Крупскага раёну. Ён піша:
«Гэта толькі здавалася, што вялікія войны назаўсёды засталіся ў гісторыі і што Расея перастала быць агрэсіўнай захопніцкай імпэрыяй. Аказалася, людзі за апошняе стагодзьдзе мала зьмяніліся — гэтак жа апанаваныя сквапнасьцю, славалюбствам, ганарыстасьцю і прагай велічы... Так што Свабода нам, відавочна, яшчэ доўга будзе патрэбная. Паглядзіце, як імкліва зьмяніліся літаральна за некалькі месяцаў амаль усе расейскія СМІ. Замест інфармацыі і стрыманага аб’ектыўнага аналізу — лявіна цемрашальскай прапаганды. Глядзець і слухаць амаль немагчыма. Ну, а беларускія дзяржаўныя мэдыі і раней не вылучаліся аб’ектыўнасьцю ды ўзважанасьцю.

Свабода ў такіх умовах нам надзвычай патрэбная. І не падманвайце сябе тым, што інтэрнэт ужо нібыта перамог кароткія хвалі. Усё ідзе да таго, што інтэрнэт неўзабаве нам адрэжуць на ўсёй прасторы — ад Берасьця да Курыльскіх астравоў. Тэхнічна зрабіць гэта зусім не складана. А вось кароткія хвалі няхай паспрабуюць адрэзаць. Нават андропаўскім глушылкам гэта не ўдалося зрабіць. А сёньняшнія кадэбісты, якія даўно страцілі колішнюю кваліфікацыю, зрабіць гэта тым больш ня здольныя»
.

Дзякуй, спадар Міхаіл, вам, а таксама ўсім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду. З вамі быў Валянцін Жданко. Пішыце нам, адрас ранейшы: Менск-5, паштовая скрынка 111.

Праграма «Паштовая скрынка 111» выходзіць у эфір кожную сераду.

Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by
XS
SM
MD
LG