Лінкі ўнівэрсальнага доступу

СБУ: ГРУ Расеі рыхтуе сэпаратыстаў на базе ў Крыме


У Крыме Галоўнае разьведупраўленьне (ГРУ) Генштабу Ўзброеных сіл Расеі вярбуе грамадзян Украіны для ажыцьцяўленьня дывэрсійнай дзейнасьці на тэрыторыі Ўкраіны.


Як паведамляе прэсавая служба Службы бясьпекі Ўкраіны, лягер для дывэрсантаў месьціцца пад Феадосіяй.

У СБУ паведамілі, што імі быў затрыманы грамадзянін Украіны К., які працаваў на замежную выведку:

«У ходзе апэратыўна-сьледчых дзеяньняў затрыманы паведаміў, што ў красавіку гэтага году быў завербаваны супрацоўнікам ГРУ ГШ УС РФ падчас паездкі ў АР Крым. Паводле ягоных слоў, кожны мог прыехаць і ўступіць у шэрагі так званай „самаабароны“ Крыму з наступным праходжаньнем падрыхтоўкі на базе вучэбнага цэнтру марской пяхоты пад Феадосіяй. Грамадзяне Ўкраіны, якія ўступалі ў незаконныя ўзброеныя фармаваньні, атрымлівалі па 100 грыўняў у суткі, а тыя, хто меў ваенную падрыхтоўку, — у некалькі разоў больш», — паведамілі ў СБУ.

У навучальным цэнтры праходзілі перападрыхтоўку грамадзяне Ўкраіны і Расеі, дзе іх рыхтавалі для дывэрсійнай дзейнасьці на тэрыторыі Ўкраіны. Навучаньне праводзілі інструктары сілавых ведамстваў Расеі.

Выконваючы заданьні замежнай спэцслужбы, грамадзянін К. у пэрыяд з 6 па 8 красавіка на чале групы з 10 чалавек удзельнічаў у сэпаратысцкіх мерапрыемствах у Харкаўскай вобласьці, у тым ліку зьвязаных зь сілавым захопам будынкаў дзяржаўных органаў улады, паведамілі ў СБУ Ўкраіны.
XS
SM
MD
LG