Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь пацярпела паразу на перамовах «тройкі», — Чавусаў


Юры Чавусаў

Юры Чавусаў

Палітоляг Юры Чавусаў, ацэньваючы вынікі ўчарашніх перамоваў Аляксандра Лукашэнкі, Уладзімера Пуціна і Нурсултана Назарбаева ў Менску, канстатуе паразу беларускага перамоўніка што да прынцыповых для Беларусі эканамічных пытаньняў

«Яшчэ да пачатку паседжаньня „тройкі“ было вядома, што для Беларусі прыярытэтнымі пытаньнямі парадку дня былі пытаньні эканамічныя. Аляксандар Лукашэнка заяўляў, што ў будучым Эўразійскім эканамічным саюзе павінна быць больш эканомікі, чым палітыкі. Аднак тыя вынікі перамоваў, якія цяпер сталі вядомыя, могуць быць расцэненыя як параза беларускага боку — доступу да звышпрыбыткаў праз адзіны рынак руху нафтапрадуктаў без выняткаў і без выключэньняў нашая краіна не атрымала ні раней, у фармаце Мытнага саюзу, ні цяпер, у фармаце Эўразійскага эканамічнага саюзу. Таму, вядома, гэта няўдача беларускага перамоўніка», — адзначыў экспэрт.

Паводле Юрыя Чавусава, Масква цяпер і не зацікаўленая ў пераўтварэньні Эўразійскага саюзу ў аналяг Эўрапейскага Зьвязу з падобнымі мэханізмамі свабоднага руху тавараў:

«Мы бачым, што постсавецкая прастора робіцца хутчэй не адзінай прасторай свабоднага руху тавараў, паслугаў, капіталаў, а адзінай прасторай руху „зялёных чалавечкаў“. На фоне тых геапалітычных падзей, якія адбываюцца ў нашым рэгіёне, Эўразійскі эканамічны саюз страціў прывабнасьць і ня можа быць для Расеі годным інструмэнтам пабудовы новай імпэрыі.

Для Беларусі цяпер, фактычна, Эўразійскі саюз — толькі сродак упарадкаваньня і кадыфікацыі таго вялікага комплексу дамоваў, якія ёсьць у межах Мытнага саюзу. Але калі ўлічыць, што ў нас ёсьць яшчэ і Саюзная дзяржава Беларусі і Расеі, у якой таксама пытаньне адзінай прасторы для руху энэрганосьбітаў не было вырашана, то падобна, што для Беларусі вялікага значэньня знаходжаньне ў Эўразійскім саюзе мець ня будзе. Зрэшты, яшчэ не вядома, ці будзе выкананае заяўленае даручэньне падрыхтаваць дамовы аб Эўразійскім саюзе цягам месяца. Гэта выглядае занадта пасьпешліва, і ня факт, што празь месяц лідэры „тройкі“ гэтыя дакумэнты падпішуць».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG