Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МЗС Украіны супраць увядзеньня міратворцаў ААН


Выканаўца абавязкаў міністра замежных спраў Украіны Андрэй Дзешчыца лічыць, што Расея ажыцьцяўляе ў дачыненьні ўсходніх рэгіёнаў «завуаляваную акупацыю».


«Тое, што адбываецца ва ўсходняй Украіне — гэта вельмі завуаляваная форма акупацыі. Расейскія спэцпадразьдзяленьні дзейнічаюць на тэрыторыі Украіны, захопліваюць будынкі, пры гэтым гэта падаецца, як правядзеньне пратэстных выступленьняў нібыта грамадзян Украіны», — сказаў ён у інтэрвію агенцтву «Інтэрфакс-Украіна » .

Ён назваў правакацыяй заявы прадстаўнікоў РФ аб магчымым увядзеньні «міратворцаў» ва Ўкраіну:

«Мы расцэньваем іх як правакацыі. Бо такое рашэньне прымаецца расейскім бокам у аднабаковым парадку, і гэта адзін з сцэнароў, які расейскі бок неаднаразова рэалізоўваў, каб потым мець апраўданьне для ажыццяўленьня агрэсіі», — адзначыў выканаўца абавязкаў міністра.

Аналізуючы тэму магчымай міратворчай місіі на тэрыторыі Ўкраіны, Дзешчыца паведаміў, што пакуль Кіеў гэтае пытаннье не ставіць:

«Увядзеньне міратворцаў ААН можа быць толькі пасля завяршэньня ваеннага канфлікту, а не ў пэрыяд, калі ён працягваецца. Таму пытаньне аб магчымым увядзеньні міратворцаў падымаць у ААН няма сэнсу», — падкрэсьліў ён.
XS
SM
MD
LG