Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чалы: Эўразійскі саюз нічога ня дасьць Беларусі


Сяргей Чалы
Сяргей Чалы

Эканаміст Сяргей Чалы падсумаваў вынікі ўчарашніх перамоваў Аляксандра Лукашэнкі, Уладзімера Пуціна і Нурсултана Назарбаева ў Менску, у часе якіх была прызначаная дата падпісаньня дамовы аб Эўразійскім эканамічным саюзе — 29 траўня.


«Нічога не мяняецца для Беларусі з улікам стварэньня Эўразійскага эканамічнага саюзу. Толькі зь 2018 года пачынаецца працэс гарманізацыі падаткава-бюджэтнай палітыкі, увядзеньня адзінага фінансавага рэгулятара, рэгуляваньня банкаўскага сэктару, страхавых паслуг. Але гэта пытаньні далёкія па часе. Самае галоўнае, што да гэтага часу няма паўнавартаснага рэжыму свабоднага гандлю, які павінен быў яшчэ пачацца ў момант стварэньня Мытнага зьвязу», — адзначыў спэцыяліст.

Паводле Сяргея Чалага, пытаньне бязмытнага гандлю нафтай і газам як было прадметам двухбаковых дамоўленасьцяў паміж Расеяй і Беларусьсю, так ім і застаецца:

«Нічога новага ў новым саюзе не прапісана. У гэтым і парадокс, што ўжо з моманту стварэньня адзінай эканамічнай прасторы не павінна было быць ніякіх асобных сфэраў, якія рэгулююцца асобнымі пагадненьнямі, а ўсе рынкі павінны былі працаваць паводле адзіных шматбаковых прынцыпаў. Гэтага не было, і гэтага ня будзе пасьля падпісаньня празь месяц дамовы аб Эўразійскім эканамічным саюзе.

Я ўвогуле лічу няправільным казаць прэфэрэнцыі для Беларусі што да гандлю нафтай і газам. Тут жа пытаньне не ў прэфэрэнцыях, а ў адзіных умовах вядзеньня бізнэсу. Фактычна размова ідзе пра тое, што мы не выгады сабе шукаем, а пра тое, што калі гэта адзіны рынак, то ён патрабуе выкананьня закону адзінай цаны. Калі ёсьць адзіны рынак, то чаму сярод мноства тавараў гандаль нейкім адзіным таварам павінны разглядацца для краін, якія ўтвараюць інтэграцыйнае ўтварэньне, як зьнешні гандаль? А так пакуль ёсьць для нафты і газу. Гэта абсурд. Мы ня хочам атрымаць нейкія выгоды ў параўнаньні з Расеяй, мы хочам атрымаць тое самае, што мае Расея. Так павінна быць, калі мы ў саюзе. А чаму такая схема перанесеная ажно на 10 гадоў, складана сказаць. Усе аргумэнты былі на нашым баку. І я ня бачу ніякіх аргумэнтаў з боку Расеі, апроч таго, што яна не гатовая і ёй гэта можа дорага каштаваць. На такія аргумэнты лёгка запярэчыць і сказаць, што ўмовы, у чарговы раз агучаныя Аляксандрам Лукашэнкам, былі вядомыя яшчэ да ўтварэньня адзінай эканамічнай прасторы. З таго часу было вельмі шмат часу, каб падрыхтавацца».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG