Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Пуцінская Расея спрабуе зьмяніць ляндшафт эўрапейскай бясьпекі, — Кэры


 Джон Кэры

Джон Кэры

Дзяржсакратар ЗША Джон Кэры, выступаючы ў Атлянтычнай радзе, заявіў, што кіраўніцтва Расеі імкнецца зьмяніць ляндшафт бясьпекі ва ўсходніх і цэнтральных раёнах Эўропы.

На канфэрэнцыі, прысьвечанай 65-й гадавіне стварэньня Паўночнаатлянтычнага альянсу, якая адбылася ў Вашынгтоне, дзяржсакратар ЗША Джон Кэры падкрэсьліў, што пасьля дзесяцігодзьдзяў «пасьпяховага забесьпячэньня стабільнасьці і пашырэньня дэмакратыі ў Эўропе сябрам альянсу неабходна цьвяроза зірнуць на пагрозы, якія існуюць па гэты дзень».

«Крызыс ва Ўкраіне стаў я нас трывожным званком, — сказаў Джон Кэры, якога цытуе „Голас Амэрыкі“. — Доўгія гады мы працавалі для таго, каб інтэграваць Расею ў эўраатлянтычную супольнасьць, працавалі над міжнародным супрацоўніцтвам. Мы адчынілі Расеі дзьверы ў розныя арганізацыі, уключаючы Сусьветную гандлёвую арганізацыю... Аднак нядаўнія дзеяньні Расеі паказалі, што пуцінская Расея гуляе па іншых правілах... Сёньня Расея спрабуе зьмяніць ляндшафт эўрапейскай бясьпекі».

Цяперашнюю сытуацыю для партнэраў па альянсе дзяржсакратар ЗША ахарактарызаваў як «момант рашэньняў», заклікаўшы неадкладна дзейнічаць у некалькіх напрамках.

Кэры, у прыватнасьці, заявіў, што ў сьвятле таго, што адбылося, нельга дапускаць памяншэньня абаронных бюджэтаў саюзьнікаў. У апошнія гады дыскусіі аб нераўнамерных выдатках членаў альянсу на абарону не заціхаюць па абодва бакі Атлянтыкі. Дзяржсакратар ЗША адзначыў, што, вырашыць гэтую праблему неабходна ў бліжэйшыя пяць гадоў:

«Крыніцай нашай сілы павінна стаць наша адзінства. Менавіта так мы зможам супрацьстаяць тым, хто спрабуе сілай ажыцьцявіць перадзел эўрапейскай тэрыторыі», — падкрэсьліў Кэры.

Дзяржсакратар таксама заявіў: «Мы павінны ясна даць зразумець Крамлю: мы абаронім кожную пядзю тэрыторыі НАТО».

Гаворачы аб перамовах, якія пайшлі ў Жэнэве 17 красавіка, Кэры заявіў, што ўкраінскі бок неадкладна ўзяўся за выкананьне ўзятых на сябе абавязацельстваў, тады як «Расея не зрабіла ні кроку ў гэтым кірунку»:

"Яны ўвесь час паказвалі пальцам на Ўкраіну, казалі пра тое, чаго не выконваюць яны«,— адзначыў Кэры:

«Украінскія ўлады садзейнічалі таму, каб вызваляліся захопленыя будынкі. Расея не зрабіла ў гэтым кірунку нічога. Яны пачалі яшчэ больш моцную эскаляцыю крызысу... Яны хочуць, каб хтосьці паверыў сьцьвярджэньням пра тое, што гэтыя добра падрыхтаваныя дысцыплінаваныя людзі, якія займаюць адміністрацыйныя будынкі і разьмяшчаюць там мясцовых сэпаратыстаў, — проста мясцовыя актывісты».

«А яшчэ гэтыя абуральныя заявы аб тым, што ЦРУ прыдумала інтэрнэт для таго, каб сачыць за ўсім сьветам, — працягваў Кэры. — Мы ўжо неаднаразова казалі, што заявы Расеі абсурдныя і зьяўляюцца індыкатарам палітыкі фікцыяналізацыі, на якую яны ўзялі курс для таго, каб дасягнуць сваіх мэтаў. Расейцы кажуць, што ўрад у Кіеве нелегітымны, забываючы пры гэтым, што за яго прагаласавала большасьць у Радзе, у тым ліку прадстаўнікі партыі Януковіча, які ўцёк з краіны. Калі б яны цікавіліся легітымнасьцю ўраду, яны падтрымлівалі б правядзеньне сумленных і транспарэнтных выбараў».

Сканчаючы свой выступ, Джон Кэры падкрэсьліў, што ў Расеі яшчэ ёсьць выбар. Паводле яго слоў, Маскве варта «даць Украіне магчымасьць мірна разьвівацца, працаваць з намі для таго, каб садзейнічаць станаўленьню эканамічна моцнай краіны, адкрытай сьвету, з адкрытымі гандлёвымі мэханізмамі».

Дзяржсакратар падкрэсьліў, што, які б шлях ні абрала Украіна, ЗША яе падтрымаюць.
XS
SM
MD
LG