Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эўразійскі зьвяз — аб’ект, здадзены з недаробкамі


Нурсултан Назарбаеў, Аляксандар Лукашэнка, Уладзімер Пуцін

Нурсултан Назарбаеў, Аляксандар Лукашэнка, Уладзімер Пуцін

Ці ўдасца кіраўнікам Беларусі, Казахстану і Расеі прыйсьці да згоды наконт умоваў стварэньня Эўразійскага эканамічнага саюзу? Ці здолее Ўладзімер Пуцін прымусіць Аляксандра Лукашэнку адназначна падтрымаць пазыцыю Крамля па Ўкраіне?

На гэтыя ды іншыя пытаньні ў перадачы «экспэртыза Свабоды адказваюць палітычныя экспэрты Аляксандар Класкоўскі і Паўлюк Быкоўскі.

Цыганкоў: Падчас сёньняшняга саміту чакаюцца дзьве асноўныя інтрыгі — ці будуць падпісаныя дакумэнты аб стварэньні Эўразійскага эканамічнага саюзу, і як пройдзе абмеркаваньне сытуацыі ва Ўкраіне. Адразу адзначу, што наша перадача пішацца, калі асноўныя вынікі сустрэчы трох прэзыдэнтаў яшчэ невядомыя (яны будуць вядомыя толькі позна ўвечары), таму мы паразважаем пра асноўныя тэндэнцыі вакол стварэньня ЭАС.

У штогадовым пасланьні да беларускага народу і Нацыянальнага сходу 22 красавіка Аляксандар Лукашэнка заявіў, што гатовы падпісаць дамову аб стварэньні Эўразійскага эканамічнага саюзу, толькі калі будуць адмененыя усе выняткі і абмежаваньні ва узаемным гандлі. Аднак для Расеі кошт гэтага пытаньня, паводле некаторых экспэртаў, складае 30 мільярдаў даляраў. Як можа быць разьвязаная гэтая супярэчнасьць, у чым бакі могуць пайсьці насустрач? — бо яны паабяцалі, што ўжо ў траўні павінны падпісаць дамову.

«У Масквы сёньня няма дастаткова пернікаў, каб задаволіць апэтыты Назарбаева і Лукашэнкі»

Аляксандар Класкоўскі

Аляксандар Класкоўскі

Класкоўскі: Сёньня можна ўжо толькі расьсекчы гэты гордзіеў вузел, бо разблытваць яго давядзецца вельмі доўг. І найперш гэта залежыць ад расейскага прэзыдэнта. Але вельмі малаімаверна, што адным махам гэты вузел Пуцін расьсячэ. І мой прагноз такі, што найхутчэй патрэбныя паперы з заплянаваны тэрмін падпішуць. (Бо ёсьць такая савецкая традыцыя — здаваць аб’екты да пэўны дат). Іншая рэчы, што гэтыя аб’екты здаюць з недаробкамі.

Я думаю, што і ЭЭС будзе здадзены з недаробкамі, і з-за гэтага потым яшчэ будзе доўгая грызьня, супярэчнасьці і канфлікты. Пуцін можа і рад быў бы зрабіць царскі жэст, і задаволіць патрэбы і Назарбаева і Лукашэнкі, але — рад бы ў рай, ды грахі не пускаюць. Галоўны «грэх» — гэта анэксія Крыма. Сам Крым — гэта чорная фінансавая дзірка, па-другое, Захад пакрысе ўзмацняе санкцыі, і гэта будзе біць па расейскай эканоміцы, якая і да санкцыяў уваходзіла ў рэцэсію. То бок проста ў Масквы сёньня няма дастаткова пернікаў, каб задаволіць апэтыты Назарбаева і Лукашэнкі.

У той жа час Пуцін выкручвае рукі, каб Беларусь рабіла сустрэчныя саступкі. Бо Менск успрымае гэтую інтэграцыю як вуліцу з аднабаковым рухам. «Вы нам саступайце, усе бар’еры здыміце, а мы свае бар’еры пакінем. Вы ж вялікая краіна, няўжо вам цяжка?» А Расея хоча, каб яе тавары ішлі сюды, каб яе кампаніі ў тэндэрах на роўных тут удзельнічалі. І гэта будзе вельмі балюча для Беларусі, гэта можа пакласьці цэлыя беларускія галіны — таму тут ужо Лукашэнка будзе ўпірацца да апошняга.

Таму за кулісамі найперш, у кулюарах сёньняшняга мерапрыемства будзе вельмі цяжкая барацьба. Цудаў ня будзе.

«Паперы падпісваліся. Іншая справа, якое было іх напаўненьне»

Паўлюк Быкоўскі

Паўлюк Быкоўскі

Быкоўскі: Цудаў сапраўды ня будзе, але падпісаньне дакумэнтаў у свой час цалкам магчымае. У нас ёсьць досьвед стварэньня «саюзу Беларусі і Расеі», «саюзнай дзяржавы», калі да пэўных датаў паперы падпісваліся. Іншая справа, якое было іх напаўненьне, і наколькі сур’ёзна яно ўплывала на жыцьё. Калі даходзіла да прынцыповых пытаньняў, такіх як прыняцьцё канстытуцыйнага акту ці пераход на адзіную валюту — то зьняць рознагалосьсі не ўдавалася.

Праўдападобна, што пры стварэньне Эўразійскага саюзу гэта будзе паўтарацца. Зь іншага боку, Расея нібыта гатовая саступіць па некаторых пытаньнях. Тым больш, ужо прагаворана, што будзе з коштамі на энэрганосьбіты. Калі ня трэба плаціць увозныя мыты, то можа атрымацца тое, што патрабаваў беларускі бок, а менавіта, агульныя кошты на энэрганосьбіты ў Беларусі і Расеі. Тады ўжо ня будзе магчымасьці гуляць на розьніцах у коштах, а будзе магчымасьць вырабляць прадукцыю, якая тэарэтычна будзе канкурэнтаздольнай на расейскім рынку. І гэта не зусім тое, што хацеў беларускі бок.

Цыганкоў: Натуральна, што кіраўнікі дзяржаваў абмяркуюць таксама ў Менску і сытуацыю вакол Украіны. Ці ўдасца Пуціну праціснуць сваю пазыцыю па Ўкраіне, і што Лукашэнка за гэта атрымае?


«Нават за нейкія даброты ад Масквы Лукашэнка не хацеў бы цалкам ісьці ў фарватэры Расеі ва ўкраінскім пытаньні»


Класкоўскі: Думаю, што Лукашэнка будзе паводзіць у сваёй фірмовай манэры — імкнуцца і болей адхапіць у Расеі (карыстаючыся, што ён адзіны ваенна-палітычных саюзьнік), і разам з тым, будзе намагацца пакінуць сябе свабоду манэўру. Думаю, ён будзе за кулісамі пераконваць Пуціна, што ня трэба трымаць Беларусь у паказальнай позе васала, марыянэткі, бо, маўляў, гэта ж і вам, Маскве, нявыгадна. Вам жа трэба мець нейкую перамоўную пляцоўку, і будзе большая прастора для варыянтаў.

Нават за нейкія даброты ад Масквы Лукашэнка не хацеў бы цалкам ісьці ў фарватэры Масквы ва ўкраінскім пытаньні. Бо гэта будзе наносіць шкоду і ягонаму іміджу, а ён ужо думае пра прэзыдэнцкія выбары. Пакуль Лукашэнка здымае такія піяраўскія вяршкі з украінскай сытуацыі, бо сярод беларускіх абывацеляў узмацніўся запыт на моцную руку, яны ўбачылі новы перавагі гэтай ужо нібыта зашмальцаванай беларускай стабільнасьці. Зь іншага боку, Лукашэнка выклікае станоўчыя ацэнкі і ў незалежнікаў, бо ён у пэўных пытаньняў мякка, але спрачаецца з Пуціным — сустракаецца з Турчынавым, выступае супраць фэдэралізацыі Ўкраіны, прызнае легітымнасьць кіеўскіх уладаў. То бок гэта дастаткова самастойная пазыцыя, Лукашэнка дазваляе сябе максымум магчымага франдзёрства ў гэтай сытуацыі.

І відавочна, што гэта пазыцыя беларускага афіцыйнага кіраўніка не падабаецца Маскве. Пуцін, безумоўна, напалохаў і Назарбаева і Лукашэнку, гэта было адчувальна па танальнасьці пасланьня 22 красавіка, калі Лукашэнка сказаў, што мы будзем даваць адпор, незалежна ад таго, адкуль бы на нас не напалі — зразумела, у які агарод каменьчык. Але разам з тым, з кожным днём пазыцыі Пуціна слабеюць, бо заходнія санкцыі ўсё больш адчувальна б’юць, і Масква таксама ўзважвае, каб не пераціснуць, не перагнуць кій, і здабываць ляяльнасьць саюзьнікаў ня толькі за кошт пагрозаў, але і дыпляматычнымі прыёмамі.
Віталь Цыганкоў

Віталь Цыганкоў

Цыганкоў: А ці не магчыма, што наадварот — адчуўшы «пах перамогі», Пуцін можа пайсьці ва-банк і ў адносінах з Казахстанам і Беларусьсю і даволі жорстка патрабаваць падтрымкі сваёй пазыцыі.

Быкоўскі: Цалкам верагодна, што Расеі даводзіцца прымушаць да падтрымкі сваёй пазыцыі. Але для Беларусі ўкраінскі рынак вельмі важны, губляць яго вельмі не хацелася б. Калі з Расеяй у Беларусі адмоўны гандлёвы балянс, а з Украінай — станоўчы. Учора была распаўсюджана заява місіі МВФ у Беларусі, паводле якой рэцэсія ў Расеі і напружаны пэрыяд ва Ўкраіне моцна ўдараць па эканоміцы Беларусі.

На гэтым фоне любыя аргумэнты Масквы, што трэба проста салідарызавацца — ня будуць працаваць. Альбо можна рэальна запалохаць, альбо падкупіць. І здаецца, што запалохаць зараз прасьцей, бо на «падкупіць» у Расеі не хапае сродкаў. Але разам з тым, страшна перагнуць кій, бо тут размова ўжо ідзе пра тое, што Лукашэнка асабіста можа згубіць уладу. Таму ён будзе займаць пазыцыю, якая ў значнай ступені будзе падтрымлівацца беларускім грамадзтвам. Бо ён будзе адстойваць тое, што цяпер лічыцца «беларускімі інтарэсамі».
  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG