ПАДЗЕІ ДНЯ
Прадстаўнікі краін Эўразьвязу зноў абмяркуюць магчымасьці пашырэньня санкцый супраць Расеі – так званую фазу нумар тры. Яны могуць датычыць ня толькі пашырэньня «чорнага сьпісу» пэрсонаў, але і санкцый, якія б закраналі галіны энэргетыкі, банкаўскага сэктару, лясной гаспадаркі, вытворчасьці высокатэхналягічнага абсталяваньня або гандаль прадметамі раскошы.
Кампанія «Белавія» будзе прэзэнтаваць у Нацыянальным аэрапорце свой нованабыты самалёт бразыльскай кампаніі «Эмбраер».
У Палацы спорту ў Менску пройдзе фінал конкурсу «Містэр Беларусь-2014».
ДЗЕНЬ У ГІСТОРЫІ
1881 – нарадзіўся беларускі паэт Янка Журба.
1883 – нарадзіўся чэскі пісьменьнік Яраслаў Гашак, аўтар прыгодаў славутага салдата Швэйка.
1945 – калі пачаўся штурм Рэйхстагу, пакончыў жыцьцё самагубствам Адольф Гітлер.
1961 – у Менску адбылося вясельле Марыны Прусаковай і Лі Гарві Освальда, які праз два гады будзе абвінавачаны ў забойстве прэзыдэнта Кенэдзі.
1975 – закончылася вайна ў Віетнаме, сёньня ў гэтай краіне дзяржаўнае сьвята. У ЗША 30 красавіка адзначаецца дзень вэтэранаў вайны ў Віетнаме.
1992 – у Жэнэве было абвешчана, што тэхналёгія Сусьветнай павуціны, ці World Wide Web, цяпер больш вядомай як інтэрнэт, будзе для ўсіх бясплатнай.
1997 – адбыўся першы замах на таджыцкага прэзыдэнта Эмамалі Рахмона. У часе, калі ён прыехаў у Хаджэнт на сьвяткаваньне юбілею мясцовага ўнівэрсытэту, у яго кінулі гранату. Рахмон быў лёгка паранены ў нагу, ахова адкрыла агонь па людзях, былі забітыя і параненыя.
ЁСЬЦЬ НАГОДА
Міжнародны дзень джазу. Усталяваны ЮНЕСКА ў 2011 годзе з ініцыятывы ЗША. Ініцыятары аргумэнтавалі, што джаз, паходжаньнем амэрыканская форма мастацтва, уяўляе сабой «унівэрсальную музыку свабоды і творчасьці».
ЦЫТАТА ДНЯ
«Ён хоча на сваю радзіму, сказала я ім, усе хочуць на сваю радзіму. А ты не спрабавала яго пераканаць застацца тут? Не, я сказала... Я проста еду са сваім мужам. Магчыма, там будзе горш. Я кажу, ведаеце, я там не была і вы там не былі, дык як мы можам даваць ацэнкі?»
З расшыфроўкі падслуханай КДБ размовы Марыны Прусаковай зь Лі Гарві Освальдам. Пасьля таго, як маладыя падалі просьбу аб выезьдзе ў ЗША, Марыну цягалі на мноства сходаў, дзе вучылі патрыятызму. Марына пераказвае мужу зьмест адной з размоваў.