Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці саступіць Масква Менску і Астане


Нурсултан Назарбаеў, Аляксандар Лукашэнка і Ўладзімер Пуцін
Нурсултан Назарбаеў, Аляксандар Лукашэнка і Ўладзімер Пуцін

Сёньня ў Менску праходзіць сустрэча прэзыдэнтаў Беларусі, Казахстану і Расеі.

Яны сабраліся тут для паседжаньня Вышэйшага Эўразійскага эканамічнага савета. Афіцыйна аб’яўлена, што галоўная тэма абмеркаваньня — «пэрспэктывы стварэньня Эўразійскага эканамічнага саюзу». Экспэрты цьвердзяць, што за гэтымі словамі хаваецца найважнейшая праблема — ці пагодзіцца Расея на патрабаваньні Беларусі і Казахстану адмовіцца ад усіх выняткаў і абмежаваньняў у рамках Эўразійскага эканамічнага саюзу ад першага дня функцыянаваньня новай структуры?

Першым у Менск каля сярэдзіны дня прыляцеў прэзыдэнт Казахстану Нурсултан Назарбаеў. Праз дзьве гадзіны зьявіўся і расейскі прэзыдэнт Уладзімер Пуцін.

Кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка ў іх чаканьні правёў дзьве сустрэчы. Першую — з Сяргеем Румасам. Менавіта гэты чыноўнік, дарэчы, сын былога міністра фінансаў краіны Мікалая Румаса, неафіцыйна лічыцца галоўным у Беларусі знаўцам ЭўрАзЭСу. З паведамленьня агенцыі БелТА вынікае, што ў дамове ёсьць шэраг няўзгодненых пазыцыяў.

«Час вельмі абмежаваны і спрэсаваны, і перш чым весьці дыялёг з кіраўнікамі дзяржаваў, я хацеў бы ад вас атрымаць апошнюю інфармацыю. Я ведаю, вы апошнія гадзіны, напэўна, і сёньняшні дзень, ноч захапілі, працавалі над дамовай, спрабавалі ўзгадніць пазыцыі, якія, магчыма, яшчэ ня ўзгодненыя. Мы таму і сустракаемся ў Менску, каб выруліць на нейкі шлях», — так патлумачыў кіраўнік Беларусі неабходнасьць сустрэчы з Румасам.

Другая размова ў Лукашэнкі адбылася з Віктарам Хрысьценкам, які каардынуе ўсю працу па стварэньню новай інтэграцыйнай структуры.
Да яго ў кіраўніка Беларусі было важнейшае пытаньне: ці прасоўваемся мы значна наперад альбо няма ніякіх зрухаў? Хрысьценка запэўніў, што «праца ідзе ў звышінтэнсыўным рэжыме».

Галоўная праблема — патрабаваньне Беларусі і Казахстану адмовіцца ад нафтавых выняткаў ад першага дня існаваньня новай інтэграцыйнай структуры. Для афіцыйнага Менску гэта азначае мець дадаткова штогод каля 4 мільярдаў даляраў. Масква выступае за тое, каб выняткі адкінуць за 2025 год. Інакш, як заявіў на мінулым тыдні намесьнік міністра фінансаў Расеі Сяргей Шаталаў, Расея будзе губляць на нафце каля 33 мільярдаў даляраў штогод.

Рынкавымі лічыць патрабаваньні Беларусі і Казахстану кіраўнік аналітычнага цэнтру «Стратэгія» Леанід Заіка:
Леанід Заіка
Леанід Заіка
«Гэта абсалютна правільна. Таму што на рынку павінен быць свабодны рух тавараў, сыравіны, рэсурсаў, працоўнай сілы. І ня мае значэньня, дзе здабываюць нафту — на Чукотцы, Камчатцы ці пад Гомелем. Любая сыравіна паступае на рынак.дзе канкуруе па цэнах і якасьці. І ўрад можа ўмяшацца толькі тады, калі адбываюцца нейкія надзвычайныя сытуацыі. А так любы тавар мусіць быць у свабодным доступе. То бок расейская нафта ідзе ў Беларусь, казахская — у Расею, беларуская — у Казахстан і г.д.».

Аляксандар Лукашэнка падчас выступу з традыцыйным пасланьнем публічна заявіў, што, калі Расея гатовая адмовіцца ад выняткаў толькі праз 15 гадоў, то Беларусь падпіша дамову аб стварэньні Эўразійскага эканамічнага саюзу таксама праз 15 гадоў.

Да агульнай сустрэчы з Пуціным і Назарбаевым Лукашэнка пасьпеў асобна паразмаўляць з прэзыдэнтам Казахстана. Той прызнаў, што праблемы ў «тройцы» па-ранейшаму застаюцца:

«Нашы экспэрты папрацавалі, але ёсьць пытаньні, якія нам неабходна абмеркаваць, удакладніць. І гэта мы будзем раіць утрох» — заявіў Нурсултан Назарбаеў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG