Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кернэса даставілі ў Хайфу. Каму перашкаджаў мэр Харкава


Мэр Харкава Генадзь Кернэс, на якога напярэдадні зьдзейсьнілі замах, «балянсуе паміж жыцьцём і сьмерцю», пішуць СМІ.

Мэра Харкава Генадзя Кернэса, які напярэдадні быў цяжка паранены з агнястрэльнай зброі, даставілі ў Ізраіль, у цэнтральны шпіталь Хайфы.

Ён па-ранейшаму ў стане мэдыкамэнтознага сну і на штучнай вэнтыляцыі лёгкіх, паведамляецца на сайце Харкаўскай гарадзкой рады са спасылкай на дырэктара дэпартамэнту аховы здароўя Юрыя Саракалата.

Рашэньне аб тым, што Кернэс працягне лячэньне ў Ізраілі, было прынята ў ноч на аўторак пасьля кансыліюму ізраільскіх спэцыялістаў і дактароў Харкаўскага шпіталя хуткай дапамогі.

У выніку нападу ў панядзелак Генадзь Кернэс атрымаў складанае раненьне грудной клеткі і брушной поласьці. Паводле хірурга, які апэрыраваў мэра ў Харкаве, пагроза для жыцьця пацыента яшчэ застаецца.

МУС заявіла, што будзе кантраляваць ход расьсьледаваньня, але афіцыйных вэрсіяў не вылучала.

Затое неафіцыйных вэрсій нямала, піша выданьне. «Самай папулярнай з верагодных вэрсій стала здагадка, што такім жорсткім спосабам над Генадзем Кернэсам расправіліся сэпаратысты, паколькі на мінулым тыдні мэр нарэшце канчаткова вызначыўся ў пытаньні геапалітыкі і выступіў за адзінства Ўкраіны», — піша «Украіна маладая».

Выданьне таксама цытуе народнага дэпутата Генадзя Маскаля, які лічыць прычынай замаху «крымінальныя сувязі» пацярпелага. Спадар Маскаль перакананы, што харкаўская міліцыя ня зможа раскрыць гэта рэзананснае злачынства, заключае «Украіна маладая».
XS
SM
MD
LG