Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прэзыдэнты сустрэнуцца каб «выруліць на нейкі шлях»


29 красавіка ў Менск прыбыў прэзыдэнт Расеі Ўладзімер Пуцін. Афіцыйная нагода для візыту — паседжаньне Вышэйшага Эўразійскага эканамічнага савету.

Старшынём паседжаньня будзе Аляксандр Лукашэнка, у ім таксама прымае ўдзел прэзыдэнт Казахстану Нурсултан Назарбаеў.

Парадак дня выглядае афіцыйна. Мяркуецца разгледзець ход працы над праектам Дамовы пра Эўразійскі эканамічны саюз і рэалізацыі пляну мерапрыемстваў па далучэньні Армэніі да Мытнага зьвязу і Адзінага эканамічнага зьвязу.

Сёньня ж з інфармацыйнага паведамленьня агенцыі БелТА высьветлілася, што якраз перад паседжаньнем Аляксандар Лукашэнка прыняў сябра Савету Эўразійскай эканамічнай камісіі ад Беларусі Сяргея Румаса.

З афіцыйнай інфармацыі вынікае, што ў дамове ЭАЭС ёсьць шэраг няўзгодненых пазыцыяў.

«Час вельмі абмежаваны і спрэсаваны, і перш чым весьці дыялёг з кіраўнікамі дзяржаваў, я хацеў бы ад вас атрымаць апошнюю інфармацыю. Я ведаю, вы апошнія гадзіны, напэўна, і сёньняшні дзень, ноч захапілі, працавалі над дамовай, спрабавалі ўзгодніць пазыцыі, якія, магчыма, яшчэ ня ўзгодненыя. Мы таму і сустракаемся ў Менску, каб выруліць на нейкі шлях», — так патлумачыў кіраўнік Беларусі неабходнасьць сустрэчы з Румасам.

У той жа час міністар па гандлі ЭЭК Андрэй Сьляпнёў заявіў агенцтву Інтэрфакс, што ў дамове застаецца толькі адно няўзгодненае пытаньне, якое тычыцца рэтраактыўнага прымяненьня антыдэмпінгавых мераў.

Ужо вядома, што заплянаваныя дзвюхбаковыя сустрэчы Аляксандра Лукашэнкі як з Уладзімерам Пуціным, так і з Нурсултанам Назарбаевым.

Расейскае агенцтва "РИА-Новости" ўжо паведаміла, што падчас двухбаковай сустрэчы будзе ўзьнятае ўкраінскае пытаньне.

Ці была сустрэча з Сяргеям Румасам спробай высьветліць, якія пазыцыі ў дамове могуць стаць козырам у перамовах з Уладзімерам Пуціным па ўкраінскім пытаньні, можна будзе даведацца пасьля зьяўляеньня афіцыйнай інфармацыі пра ход перамоваў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG