Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Яшчэ тры праведнікі сьвету ў Беларусі


Консул дзяржавы Ізраіль у Беларусі Ана Бэн-Эзра (зьлева) запальвае памінальную сьвечку

Консул дзяржавы Ізраіль у Беларусі Ана Бэн-Эзра (зьлева) запальвае памінальную сьвечку

Званьне праведнікаў сьвету атрымалі яшчэ тры беларускія сям’і. 28 красавіка – Дзень Катастрофы, калі ў Ізраілі абвяшчаецца нацыянальная жалоба, згадваюць ахвяраў нацызму.

У Менску ў гэты дзень уручылі дыплёмы праведнікаў сьвету нашчадкам сем’яў Сірошык са Століна Берасьцейскай вобласьці, Сянкевічаў зь вёсцы Яцэвічы Берасьцейскай вобласьці і Петраш зь мястэчка Наваельня Гарадзенскай вобласьці.

На цырымоніі прагучала, што ў Беларусі каля 700 чалавек прызнаныя праведнікамі сьвету – тымі, хто ратаваў габрэяў ад нацысцкага перасьледу. Агулам у сьвеце праведнікамі прызнаныя калі 23 тысяч чалавек.

На жаль, саміх праведнікаў ужо няма ў жывых. Лявон Сянкевіч зь Бярозы атрымліваў дыплём за свайго дзеда Пятра Сянкевіча і бабулю Марыю. Яны выратавалі жыцьцё суседзкаму хлопцу Адаму Эпельбаўму, зь сям’ёй якога жылі побач у вёсцы Яцэвічы Берасьцейскага раёну.

Лявон Сянкевіч: «Я пра гэта ведаў. Зь дзедам размаўяляў, з бацькам. Памятаю, пытаюся ў дзеда: «А як ты ішоў ваяваць». Ён адказвае: «Сьмела ішоў. Я ведаў, што мы пераможам». Я пытаюся: «А адкуль ты ведаў?». Ён кажа: «У Бібліі напісана».

Спадар Лявон распавядае, што і да вайны Эпельбаўмы і Сянкевічы сябравалі сем’ямі. “Калі вайна пачалася, ад усіх Эпельбаўмаў застаўся толькі дзядзя Адам. Вы ўявіце, як гэта ў лічаныя хвіліны сям’ю згубіць. У куратніку курыца зьнікне, і тое гора. А тут цэлая сям’я».

У Сянкевічаў саміх было шэсьць дзяцей. Адама Эпельбаўма схавалі на гарышчы, а пазьней разам са старэйшым сынам Яўгенам, бацькам спадара Лявона, Пётр Сянкевіч пабудаваў яму ў лесе бункер.

«Гэта чыста чалавечыя дачыненьні, – тлумачыць Лявон Сянкевіч. – Ніхто ж ня думаў, што гэта подзьвіг ці што такое. Як сусед суседу проста дапамагалі».

Яўген Сянкевіч і Адам Эпельбаўм засталіся сябрамі і пасьля вайны. Сябруюць цяпер і іхныя дзеці Лявон Сянкевіч і Марк Эпельбаўм. «Нашыя бацькі неяк разам трымаліся. І дзядзя Адам сказаў сваім сынам, каб яны таксама разам трымаліся. Мы так і жывем», – кажа Лявон Сянкевіч.

У часы Галакосту ў Беларусі загінула па розных падліках да 800 тысяч габрэяў. Гэта больш за 80 адсоткаў усяго габрэйскага насельніцтва Беларусі. Але ў савецкія часы тэма Галакосту замоўчвалася, і гаварыць пра трагедыю габрэяў стала магчыма ўжо ў незалежнай Беларусі. Так, Яніна Крывіцкая даведалася пра ўчынак сваёй сям’і Петраш з Наваельні толькі ад выратаванай імі ў часы вайны Яэль Рэзьнік. Яніна Крывіцкая

Яніна Крывіцкая


Аляксандар Крывіцкі кажа, што бабуля, якая памерла ў 1995 годзе, усё жыцьцё баялася распавядаць, як яе бацькі хавалі габрэяў.

«Цяпер таксама ёсьць людзі, здольныя на такія подзьвігі, як нашыя продкі. Прынамсі, у гэта трэба верыць, – кажа Аляксандр. – Мы жывем у няпросты час. Глядзіце, суседняя дзяржава перажывае ўсплёск нацыяналізму». Лявон Сянкевіч

Лявон Сянкевіч


«Калі шчыра, зараз страшны час, – таксама мяркуе і Лявон Сянкевіч. – Прастата, духоўнасьць, чалавечнасьць – ужо ня цэняцца. Зараз глядзяць, на чым ты прыехаў, у чым выйшаў, карысны ты ці не карысны. Народ згубіў духоўную каштоўнасьць, мне здаецца.

Я ведаю, што я ніколі не адмоўлю таму ж Марку. А ён ніколі мне не адмовіць. Трэба годных грамадзянаў выхоўваць. Каб у іх былі сьветлыя погляды на жыцьцё, ня мутныя. Хай сабе сьпевамі займаюцца, спортам. І каштоўнасьці ў іх мусяць быць не ў кампутарах, а чытаць болей. Хацелася б, каб погляды у людзей памяняліся».

Цырымонію вяла консул дзяржавы Ізраіль у Беларусі Ана Бэн-Эзра. Перад пачаткам уручэньня ўдзельнікі запалілі шэсьць памінальных сьвечак.

«У Галакосту страшная матэматыка, – сказаў прадстаўнік габрэйскай супольнасьці Барыс Герстэн, – мы кажам пра мільёны загінулых. Але ў гэтых людзей не нарадзіліся дзеці. Не нарадзіліся ўнукі. Зьніклі цэлыя пакаленьні. І цяпер лічба галакосту – гэта бясконцасьць».
XS
SM
MD
LG