Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Назарбаеў – пра ўжываньне войска супраць мірных жыхароў


Нурсултан Назарбаеў

Нурсултан Назарбаеў

Ужываньне цяперашнімі ўладамі ў Кіеве ўзброеных сілаў супраць пратэстоўцаў на паўднёвым усходзе краіны недапушчальна – пра гэта, паводле Інтэрфаксу, заявіў сёньня прэзыдэнт Казахстану Нурсултан Назарбаеў, выступаючы зь лекцыяй у Маскоўскім дзяржаўным унівэрсытэце.

«Не павінна быць так, каб супраць мірных жыхароў уласнай краіны ўжываліся узброеныя сілы», – сказаў ён.

Казахстанскі лідэр таксама выказаўся супраць ўмяшаньня ва ўнутраныя справы Ўкраіны звонку.

Акрамя таго, Назарбаеў выказаў меркаваньне, што незалежна ад таго, хто будзе ва ўладзе ў Кіеве, Украіне будуць выгадныя адносіны з Расеяй і іншымі краінамі СНД.

Гаворачы аб прыярытэтах міжнароднай палітыкі цяперашняй украінскай улады, казахстанскі лідэр заявіў, што «пасьпяховай будзе толькі тая інтэграцыя, якая дасьць людзям дабрабыт і новыя магчымасьці, перш за ўсё ў іх краіне, а не далёка на чужыне».

Назарбаеў нагадаў, што ў часы СССР Украіна была другой рэспублікай у Савецкім Саюзе паводле прамысловага патэнцыялу.

«Аднак за два дзесяцігодзьдзі незалежнасьці там мала займаліся эканомікай, дабрабытам простых людзей, а больш палітыкай. У гэтым я бачу галоўную прычыну сёньняшняга крызісу», – сказаў ён.

Гаворачы аб плянах утварэньня Беларусьсю, Казахстанам і Расеяй Эўразійскага эканамічнага саюзу, Назарбаеў назваў беспадстаўнымі развагі пра тое, што гэтая структура стане адроджаным СССР.

«Сёньня, кажучы аб Эўразійскім эканамічным саюзе, хтосьці выказвае меркаваньне, што ён стане рэінкарнацыяй СССР. Развагі на гэты конт далёкія ад рэальнасьці і беспадстаўныя» – заявіў ён.

На думку казахстанскага лідэра, такія заявы робяцца тымі, хто баіцца канкурэнцыі з боку Эўразійскага эканамічнага саюзу на міжнароднай арэне.

Заўтра ў Менску адбудзецца саміт Мытнага саюзу, у якім возьмуць удзел Аляксандар Лукашэнка, Нурсултан Назарбаеў і Ўладзімер Пуцін. Падпісаць дамову аб утварэньні Эўразійскага эканамічнага саюзу плянуецца ў траўні.

16 сьнежня 2011 году ў казахстанскім горадзе Жанаазэне адбыліся масавыя беспарадкі. Унутраныя войскі ўжылі зброю, што па афіцыйных дадзеных прывяло да гібелі 15 чалавек. Паводле неафіцыйных дадзеных загінула да 64 чалавек і 400 былі параненыя.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG