Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Георгіеўскія» стужкі на беларускай гарэлцы – знак бяды


Севярын Квяткоўскі

Севярын Квяткоўскі

Пару гадоў таму ў Польшчы забаранілі савецкую сымболіку. Да яе ж прыраўнялі выяву Чэ Гевары. Я і сам у юнацтве так ставіўся, калі бачыў на т-шотцы знаёмых славуты партрэт. «Што ты носіш?! Гэта ж камуністычны дзяяч! Ведаеш колькі камуністы зла нарабілі?» – «Супакойся, – тлумачылі мне. – Чэ Гевара даўно камэрцыйны брэнд: як Чабурашка, Санта-Клаўс ці Мікі-Маўс».

«Не называйце «георгіеўскія» стужкі «каларадзкімі», – кажа мне знаёмы. – Для многіх гэта сьвятыня, памяць пра Вайну». Веру. Ведаю. Ёсьць людзі, для якіх сымболіка перамогі ў ВАВ – гэта тое ж самае, што для хрысьціяніна крыж. А ў кагосьці ў галаве спалучаюцца абодва сымбалі. Сам бачыў як у вёсках на месцы брацкай магілы побач з помнікам савецкай стылістыкі паставілі крыж. Веру, але перапытваю: «А калі, пры якіх абставінах зьявіліся гэтыя стужкі, і які нясуць звышсэнс, апроч памяці? Нібыта, ў мэмарыялізацыі Вялікай айчыннай (не Другой сусьветнай) на тэрыторыі Беларусі ніколі недахопу не было».

Уяўляю чалавека, які заходзіць у краму з мэтай набыць выпіць, і бачыць шыхты гарэлачных бутэлек, абвязаных чорна-аранжавымі стужкамі. Купляе, ідзе дадому задаволены – «наша», «за перамогу». Тэарэтычна тут можна ўзгадаць «франтавыя сто грамаў», чаму не?

Стужка прыйшла з Расеі некалькі гадоў таму. Там тэма ВАВ мае значна большы патэнцыял для творчасьці рэклямных аддзелаў. Вось піва з выявамі герояў Савецкага Саюзу і апісаньнем іхных подзьвігаў. Вось цукеркі-ледзянцы, а вось «манікюр-пэдыкюр» са стужкай. Чабурашка, як Чэ Гевара.

Не, беларусы ў свой час пераўзышлі ўсе магчымыя межы фантазіі. Кандытары з Баранавічаў на конкурс стварылі шакалядны помнік з Хатыні – стары, які трымае на руках забітага хлопчыка.

Вайна? Вайна. Сымбаль? Сымбаль. Стараліся як лепей. Як тая бабулька, што кінула галінку ў вогнішча, на якім палілі Яна Гуса. Тым ня менш, далей кандытарскі крэатыў не пайшоў. Мы ня бачым на паліцах беларускіх крамаў шакалядных ахвяраў спаленых вёсак, ледзянцоў у выглядзе павешаных падпольшчыкаў, ці торцікаў, зьлепленых зь Берасьцейскай крэпасьці. Мы бачым стужкі. Знак ідэнтыфікацыі свой – чужы.

Стужкі прыдумляліся не наіўнымі кандытарамі ці бабулькамі, а прафэсійнымі PR-шчыкамі. Сэнс – спалучыць дарэвалюцыйную і савецкую гісторыю Расеі, а заадно падцягнуць частку насельніцтва былых савецкіх рэспублік. Дзьвюхгаловы арол выклікае менш пачуцьцяў, і толькі на пэўнай тэрыторыі, чым серп і молат. Зь іншага боку, і савецкая сымболіка далёка не для ўсіх. А тут – «мы перамаглі!».

Хто мы? Ад 1945 году савецкія людзі жывуць без перамогаў. Адныя паразы з гледзішча ідэалёгіі савецкага адзінства і правадырызму: распад, развал, бязладзьдзе і беспэрспэктыўе. Гаворка не пра посьпехі «на рабоце і ў асабістым жыцьці». А пра калектыўнае адчуваньне.

«Чаму, Севярын, вы адмаўляеце людзям ў пачуцьці ўласнай годнасьці?» – запытаўся ў мяне адзін выкладчык беларускай ВНУ сталага веку, які радасна вітае дзеяньні Расеі ў Крыме, і наогул – за аднаўленьне СССР. «А ў чым годнасьць? – пытаюся. – Горы сацыяльных праблемаў, калясальны разрыў між багатымі і беднымі, чым далей ад расейскай сталіцы, тым менш хоць якога спадзеву на паляпшэньне». – «Вы не разумееце...».

Чаму не разумею. Цяжка прызнаць, што палову жыцьця верыў у правадыроў, якія ў абмен на ляяльнасьць цябе «крышавалі». Цяжка прызнаць, што панятак годнасьці ня быў зьвязаны з тваімі здольнасьцямі, і з тваім выбарам. Цяжка прызнаць сваю самоту перад абліччам такіх самых як ты, зь якімі цябе нічога ня зьвязвала, апроч чэргаў і барацьбы за квартальную прэмію.

І толькі памяць пра Перамогу трансьлявалася і паўтаралася ад садка да пэнсіі. Хоць саміх удзельнікаў вайны ўжо амаль не засталося. Цяжка прызнаць, што апроч ўласна перамогі, былі жахі акупацыі падчас якой насамрэч усё было неадназначна. І мірныя жыхары цярпелі ня толькі ад акупантаў, але і ад «сваіх», «нашых».

А цяпер «нашы» – тут, а «нянашы» – гэта не нацысты, а проста Захад.

Разумею, што «прыход Эўропы» ў Беларусь безумоўна пужае. З нязвыклымі стандартамі, якія пагражаюць абясцэніць кумаўство, рупліва напрацаванае дзясяткамі гадоў, запатрабаваць новы стандарт прафэсійных ды проста сацыяльных ведаў.

Павязваеш «георгіеўскую» стужку, і сыгналізуеш: я супраць зьменаў. Гэта ў найлепшым выпадку. А ў найгоршым: я за перамогу! За новую перамогу, якой так даўно не было ў сваім жыцьці.

«Георгіеўская» стужка – чыясьці прафэсійная перамога, нейкага паліттэхноляга, чыё імя наўрад ці мы дазнаемся ў хуткім часе. Ад тэмы сьвяшчэннай вайны да малаасэнсаванага знака-брэнда, і далей да ідэі сучаснай перамогі. Над кім – справа трэцяя. Сёньня Ўкраіна, заўтра краіны Балтыі, а там, глядзіш, і ўсяго каварнага Захаду.

«Георгіеўская» стужка на беларускай гарэлцы – знак бяды. Знак вайны. Пі, і радуйся, хутка прыйдзе вялікі брат, і разам зь ім ты пойдзеш да новай Перамогі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG