Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Улады падалі пазоў, а ў суд не прыйшлі


28 красавіка суд Крупскага раёну Менскай вобласьці зьбіраўся разгледзець пазоў Крупскай акружной выбарчай камісіі да настаўніка зь вёскі Дакудава Васіля Лапаціна.

Выбарчая камісія патрабуе, каб актывіст партыі «Справядлівы сьвет» Васіль Лапацін кампэнсаваў страты, якія нібыта нанёс дзяржаве, калі ў сакавіку зьняўся з выбараў у Менскі абласны савет.

«Аднак прадстаўнікі ўладаў у суд не зьявіліся», — паведаміў Радыё Свабода актывіст партыі «Справядлівы сьвет» Сяргей Абразоўскі, які прыяжджаў у Крупкі падтрымаць свайго паплечніка.

«Суд адкрыўся. Аднак пазоўнік так у залі і не зьявіўся. Больш за тое, камісія нават не перадала ў суд неабходныя дакумэнты. Хоць павінна была зрабіць гэта не пазьней за 24 сакавіка. У выніку суд вынес рашэньне — адмовіць пазоўніку, які без паважнай прычыны не зьявіўся на паседжаньне.

Вядома, гэта права пазоўніка — ісьці ў суд альбо не. Але, на мой погляд, гэта паказвае і стаўленьне пазоўніка да суду».

Спачатку суд былі прызначылі на 22 красавіка. Але перанесьлі на 28 красавіка, патлумачыўшы гэта тэхнічнымі прычынамі.

Васіль Лапацін пазоў выбарчай камісіі не прызнае і заяўляе, што мусіў зьняцца з выбараў з-за недаверу да выбарчай камісіі і ціску на ягоную ініцыятыўную групу. На гэтых выбарах кандыдаты ў дэпутаты не атрымлівалі дзяржаўных грошай на друк сваіх улётак. Грошы пераводзіліся на адрас акруговых камісіяў, якія рыхтавалі агульную ўлётку на ўсіх кандыдатаў сваёй акругі. Крупская камісія ацаніла свае страты ў 2 мільёны 800 тысяч рублёў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG