Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Менск і Астана не гатовыя да Эўразійскага саюзу


Прэзыдэнты краін Мытнага саюу

Прэзыдэнты краін Мытнага саюу

Пра пэрспэктывы Эўразійскага саюзу напярэдадні саміту Мытнага саюзу ў Менску піша расейскае выданьне gazeta.ru.

Беларусь і Казахстан не гатовыя падпісаць дамову аб стварэньні Эўразійскага эканамічнага саюзу з Расеяй. Занадта шмат выключэньняў з адзіных мытных правілаў на карысьць Масквы, лічаць краіны-партнэры. Кошт саступак з боку РФ – $ 33 млрд штогод. Дазволіць сабе такія падарункі пры эканамічнай стагнацыі Расея ня можа, упэўненыя экспэрты.

На 29 красавіка ў Менску заплянаванае пасяджэньне Вышэйшай эўразійскай эканамічнай рады на ўзроўні прэзыдэнтаў Расеі, Беларусі і Казахстану. На парадку дня два пытаньні: прыняцьце дамовы аб Эўразійскім саюзе трох дзяржаваў і прыняцьце новых членаў у мытны саюз, патлумачыў на брыфінгу ў пятніцу памочнік прэзыдэнта Расеі Юры Ўшакоў.

Эўразійскі эканамічны саюз павінен запрацаваць з 1 студзеня 2015 году. Стварыць «агульны рынак» трох краінаў у сакавіку 1994 году падчас лекцыі ў МДУ прапанаваў прэзыдэнт Казахстану Нурсултан Назарбаеў. Праз 20 гадоў Расея, Беларусь і Казахстан усё яшчэ шліфуюць праект дамовы аб адзінай эканамічнай прасторы, здымаючы сустрэчныя прэтэнзіі.

Расія гатовая падпісаць дамову, што называецца, хоць заўтра. Пярэчаць Назарбаеў і прэзыдэнт Беларусі Аляксандар Лукашэнка. Беларускі лідэр загадзя, да саміту ў Менску, акрэсьліў свае прэтэнзіі. Дакладней, паўтарыў тое, што казаў неаднаразова, выступаючы на папярэдніх пасяджэньнях Вышэйшай рады ЭўрАзЭС. На думку Лукашэнкі, Эўразійскі эканамічны саюз павінен дзейнічаць без усялякіх выключэньняў і абмежаваньняў з агульных мытных правілаў, на якіх настойвае Расія.

«Давайце прыбярэм усялякія абмежаваньні. Але калі гатовыя сёньня толькі падпісваць дамову, а абмежаваньні прыбраць праз 10-15 гадоў, то вось тады і падпішам» – заявіў Лукашэнка, выступаючы 22 красавіка са штогадовым пасланьнем да беларускага народу і Нацыянальнага сходу.

Гаворка ідзе аб дамоўленасьці паміж Масквой і Менскам, згодна зь якой Беларусь імпартуе расейскую нафту бязмытна, аднак вяртае ў расейскі бюджэт мыта, што атрымліваецца ад экспарту за межы краіны нафтапрадуктаў, зробленых з гэтай нафты. Паводле слоў Лукашэнкі, калі б мыта заставалася ў беларускім бюджэце, ён «пабудаваў бы ў краіне Эміраты».

Але па разьліках расейскага Мінфіну, калі Масква саступіць патрабаваньням Лукашэнкі і адмовіцца ад вяртаньня мыта, то бюджэт будзе губляць штогод прыкладна $ 30 млрд.

Спыніць канфіскацыю экспартнага мыта на нафтапрадукты зь беларускага бюджэту рэкамэндаваў міждзяржаўны суд СНД яшчэ ў 2010 годзе. Уладзімер Пуцін, які займаў тады пасаду прэм'ер-міністра РФ, заявіў, што Масква «прыслухаецца да рэкамэндацый», але падкрэсьліў, што гэта менавіта рэкамэндацыя. Летам 2013 году прэм'ер Дзьмітры Мядзьведзеў пацьвердзіў, што Расея «гатовая несьці выдаткі», паколькі ўжо дамовіліся аб інтэграцыі трох дзяржаваў. Менск успрыняў яго словы адназначна – да 2015 году Расея спыніць адбіраць экспартнае мыта за нафтапрадукты.

Лукашэнка лічыць, што адмова ад мыта ня будзе вялікай нагрузкай на расейскі бюджэт. «Можа, мы з вамі за гэта чымсьці іншым разьлічымся», – туманна намякае беларускі лідэр. На яго думку, ствараць Эўразійскі саюз з канфіскацыямі – гэта ў прынцыпе няправільная пастаноўка пытаньня. «Ведалі бо, на што ішлі. І мы сьвята выконвалі ў апошнія гады гэтыя дамоўленасьці на шляху ў Эўразійскі саюз праз Мытны саюз», – папярэджвае беларускі прэзыдэнт.

Назарбаеў напярэдадні саміту ў Менску абмеркаваў парадак дня маючага адбыцца мерапрыемства з старшынём калегіі Эўразійскай эканамічнай камісіі Віктарам Хрысьценкам. Гучных заяваў у духу Лукашэнкі па выніках сустрэчы не было. Але Назарбаеў актыўна крытыкаваў камісію на саміце ў Менску ў кастрычніку мінулага году.

Ад удзелу ў Мытным саюзе Астана пакуль мае больш мінусаў, чым плюсаў, абураўся Назарбаеў. Павялічваюцца дыспрапорцыі ў гандлёвым балянсе краіны: экспарт скараціўся на 4% ($7 млрд), а імпарт вырас на $17 млрд. Захоўваюцца цяжкасьці для прасоўваньня казахстанскіх харчовых тавараў, у прыватнасьці, мяса і мясапрадуктаў, на рынак Расеі, адсутнічае вольны доступ на расейскі рынак электраэнэргіі, абмежаваныя магчымасьці для транзыту электраэнэргіі, мытны кодэкс Мытнага саюзу мае патрэбу ў максымальным спрашчэньні і лібэралізацыі, пералічваў прэзыдэнт Казахстана.

Акрамя таго, Казахстан рэгулярна ставіць перад Масквой пытаньне аб самастойным доступе да экспарту свайго газу ў Эўропу праз інфраструктуру расейскага «Газпрому», удакладняе кола патрабаваньняў Казахстану Аляксей Грывач, намесьнік гендырэктара Фонду нацыянальнай энэргетычнай бясьпекі.

Перамоўны працэс, ускладнены ўзаемнымі прэтэнзіямі трох краінаў у эканамічнай сфэры, пагоршыў адзін з расейскіх палітыкаў – лідэр ЛДПР Уладзімер Жырыноўскі. Раней у эфіры тэлеканала «Расія 24» правадыр лібэрал-дэмакратаў прапанаваў пазбавіць незалежнасьці некаторыя краіны Цэнтральнай Азіі – Казахстан, Кіргізстан, Таджыкістан, Узбэкістан. Тым самым Жырыноўскі разьвіў, тэму, якую горача абмяркоўваюць заходнія СМІ – адраджэньня Масквой новага СССР на абломках СНД.

Кіраўнік МЗС Расеі Сяргей Лаўроў заявіў у пятніцу аб некарэктнасьці такіх выказваньняў і папрасіў заходніх экспэртаў не палохаць Назарбаева «крымскім сцэнаром» на поўначы Казахстану (большасьць насельніцтва ў гэтай памежнай зоне – рускія і рускамоўныя).

Але асадак ад выступу Жырыноўскага, так выглядае, застаўся. Лідэры рэспублік, якія раней уваходзілі ў склад СССР, хваравіта ўспрымаюць любыя намёкі на страту сувэрэнітэту. І Лукашэнка, і Назарбаеў ня раз заяўлялі, што гатовыя ствараць Эўразійскі саюз, але ніяк не Савецкі.

Падобна на тое, Крэмль не разьлічвае, што супярэчнасьці па дамове аб Эўразійскім эканамічным саюзу будуць зьнятыя на саміце 29 красавіка. Як растлумачыў Юры Ўшакоў, канчатковае падпісаньне дамовы намечанае на канец траўня ў Астане. Адказваючы на пытаньне «Газеты.Ru», ці зьмянілася пазыцыя Расеі адносна выключэньняў зь дзейных правілаў Мытнага саюзу, Ушакоў прапанаваў дачакацца правядзеньня саміту.

Асноўныя канфіскацыі, уключаючы мыта на нафтапрадукты, якія існуюць сёньня, могуць быць захаваныя да 2018-2020 гадоў, папярэджваў раней намесьнік кіраўніка мінфіну Расеі Сяргей Шаталаў. Адмовіцца ад выключэньняў Мінфін прапануе не раней 2025 году.

Калі на саміце ў Менску атрымаецца дамовіцца аб паступовай адмене абмежаваньняў, а не з 2015 году, як настойвае Беларусь, то Расея зможа рэалізоўваць заплянаваны падатковы манэўр ў нафтавай галіне – зьнізіць экспартныя пошліны і павялічыць падатак на здабычу карысных выкапняў.

Адмова ад выключэньняў ў мытным кодэксе, паводле слоў намесьніка міністра, утрымлівае самыя вялікія рызыкі, таму што ў гэтым выпадку Расея можа пазбавіцца каля $ 33 млрд дадатковых даходаў штогод.

Мыта на нафтапрадукты, якое паступае зь Беларусі, улічанае ў даходнай частцы бюджэтнай трохгодкі 2014-2016 гадоў, дадае экспэрт Эканамічнай экспэртнай групы Аляксандра Сусьліна. Зараз ня самы зручны час, каб Расея пайшла на саступкі партнэрам па Мытным саюзе і тым самым павялічыла выдаткі пры скарачэньні даходнай часткі бюджэту, пры эканамічнай стагнацыі, адзначае Сусьліна. «Але я не зьдзіўлюся, калі саступкі ў імя сяброўства ўсё ж такі будуць. Мытны саюз – гэта шмат у чым палітычны праект», – дадае экспэрт.
XS
SM
MD
LG