Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Камітэт салідарнасьці з Украінай высьвятляе асобы сэпаратыстаў з чырвона-зялёнымі сьцягамі.

Беларускі камітэт салідарнасьці з Украінай лічыць, што Генпракуратура павінна заняцца беларусамі, якія ўдзельнічаюць у акцыях сэпаратыстаў.

Невядомыя з афіцыйнай беларускай сымболікай трапляюць на фота і ў відэаролікі з акцыяў сэпаратыстаў на ўсходзе Ўкраіны.

Каардынатар інфармацыйна-аналітычнага кірунку камітэту юрыст Ігар Рынкевіч сказаў Радыё Свабода, што прадстаўнікі Беларускага камітэту салідарнасьці з Украінай моцна заклапочаныя тым, што пад афіцыйнымі беларускімі сьцягамі адбываюцца сэпаратысцкія дзеяньні:

«Мы праводзім маніторынг выпадкаў, калі на вулічных акцыях з боку сэпаратыстаў зьяўляецца афіцыйная беларуская сымболіка. Адсочваем фота і відэа. Інфармацыя ляпідарная, несыстэмная, аднак мы ўсё адно маем намер высьветліць праз афіцыйны запыт у Генпракуратуру Рэспублікі Беларусь, ці маніфэстанты з афіцыйнай беларускай сымболікай прадстаўляюць афіцыйную пазыцыю кіраўніцтва Беларусі. Няхай нам адкажуць, ці ёсьць дазвол на дэманстрацыю сымболікі. Калі ж гэта несанкцыянаванае выкарыстаньне сьцягоў, то такія дзеяньні павінны атрымаць адпаведную прававую ацэнку. Нас вельмі непакоіць тое, што зьяўляецца такая інфармацыя пра выкарыстаньне чырвона-зялёных сьцягоў людзьмі, якіх можна залічыць да ліку сэпаратыстаў, што выступаюць супраць тэрытарыяльнай цэласнасьці Ўкраіны».

Юрыст адзначыў, што ёсьць нарматыўныя акты, якія рэгулююць выкарыстаньне афіцыйнай сымболікі на шэрагу мерапрыемстваў, тым больш калі гэтыя мерапрыемствы несанкцыянаваныя — тады выкарыстаньне сымболікі павінна быць узгодненае ў консульстве.

Ігар Рынкевіч дадаў, што ў праблемы ёсьць яшчэ адзін аспэкт: паведамляюць, што сярод затрыманых з-за падазрэньня ў датычнасьці да сэпаратысцкіх і тэрарыстычных дзеяньняў на беларуска-ўкраінскай мяжы ёсьць людзі і зь беларускімі пашпартамі.

Тым часам журналіст амэрыканскага часопіса «Time» Сайман Шустэр паведаміў, што ў Славянску баявыя дзеяньні вядуць баевікі з розных краінаў былога СССР, у тым ліку і зь Беларусі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG