Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Крызіс у эканоміцы Ўкраіны зачэпіць і Беларусь


Кіраўнік місіі МВФ у Беларусі Дэвід Гофман прагназуе, што крызіс ва ўкраінскай эканоміцы адаб’ецца на Беларусі.


«Апошнія зьмены ў рэгіёне такія, што сытуацыя складваецца неспрыяльна. У прыватнасьці, зьніжэньне магчымага росту ў Расеі, а таксама эканамічная сытуацыя ва Ўкраіне, што будзе мець наступствы для эканомікі Беларусі сёлета», — заявіў Гофман на брыфінгу ў Менску.

Ён адзначыў, што ў 2013 годзе тэмпы росту эканомікі ў Беларусі былі вельмі нізкія, прырост валавога ўнутранага прадукту склаў 0,9%.

«Мы мяркуем, што той прагноз, які быў падрыхтаваны ўладамі на пачатку году, мае значныя рызыкі па зьніжэньні. Абставіны сёлета складваюцца так, што мы б не чакалі больш высокіх тэмпаў росту», — цытуе Гофмана Інтэрфакс.

Гофман зьвяртае ўвагу на тое, што Расея і Ўкраіна — важныя гандлёвыя партнэры Беларусі:

«Таму цяжка сабе ўявіць, як пры рэзкім запаволеньні росту, а ў выпадку з Украінай мы чакаем рэзкага зьніжэньня росту, гэта не адбілася б на Беларусі».

«У Беларусі працуюць даччыныя банкі шэрагу расейскіх банкаў, беларускія банкі таксама ў значнай ступені абапіраюцца на ліквіднасьць, якая даецца расейскімі банкамі. Таму можа назірацца эфэкт, які дзейнічае празь фінансавыя каналы», — дадаў ён.

МВФ раіць не падвышаць заробкі

«Ня варта далей павышаць заработную плату сёлета», — кажа Гофман.

«Місія вітае скарачэньне колькасьці тавараў, якія падлягаюць цэнаваму кантролю, але важна падтрымаць гэта рэформамі па іншых напрамках», — адзначыў кіраўнік місіі МВФ.

МВФ ухваляе дзеяньні беларускіх уладаў у справе паэтапнага пераходу на поўную аплату насельніцтвам паслугаў ЖКГ і транспарту.

Акрамя таго, Фонд лічыць правільным паступова скарачаць ролю дзяржавы ў эканоміцы і павышаць узровень адраснай сацыяльнай абароны, зьвярнуў увагу кіраўнік місіі.

Паводле ягоных слоў, «МВФ працягне цеснае ўзаемадзеяньне з уладамі краіны».

«Хоць постпраграмны маніторынг фармальна завершаны, бо пагашана асноўная частка крэдыту, місія вернецца восеньню, каб працягнуць дыскусіі з уладамі пра эканамічную палітыку», — заявіў кіраўнік місіі МВФ Дэвід Гофман.
XS
SM
MD
LG