Лінкі ўнівэрсальнага доступу

За «імпэрскага імбэцыла» Міхалок можа згубіць канцэрты ў Расеі


Дэпутат Дзяржаўнай Думы ад ЛДПР Раман Худзякоў накіраваў зварот генэральнаму пракурору Расеі Юрыю Чайку з просьбай «даць прававую ацэнку антырасейскім выказваньням» лідэра беларускага гурту «Ляпіс Трубяцкі» Сяргея Міхалка на канцэрце ў Іжэўску. Паводле Худзякова, «трэба забараніць гэтаму гурту наагул выступаць на эстрадзе» ў Расеі.

Расейская газэта «Известия» ў панядзелак апублікавала артыкул «Пракуратура праверыць словы лідэра гурту «Ляпіс Трубяцкі».

Паводле нардэпа Худзякова, на канцэрце ў Іжэўску «музыкант Сяргей Міхалок, які падтрымлівае нелегітымныя ўлады Ўкраіны, выступаў на Эўрамайдане, выкрыкваў лёзунг „Слава Ўкраіне!“, а ў звароце да незадаволеных ягонымі паводзінамі расейскіх гледачоў ужыў ненарматыўную лексыку». У прыватнасьці, сьцьвярджае расейскі дэпутат Худзякоў, Міхалок назваў расейцаў, якія прыйшлі на канцэрт, «імпэрскімі імбэцыламі». «Гэтая абуральная выхадка дагэтуль не атрымала належнай прававой ацэнкі», — лічыць Худзякоў.

Сам дэпутат цяпер, як паведаміла Радыё Свабода ягоная сакратарка, «у дзяржаўнай камандзіроўцы, сувязі зь ім няма, у Маскве ён будзе толькі пасьля травеньскіх сьвятаў».

Заявы Худзякова «Ляпісы» ня бачылі, чыталі толькі вытрымкі зь яе ў газэце, кажа прэс-аташэ гурту Аляксандар Бергер:

«Мяркуючы па гэтых вытрымках, там наагул усё шыта белымі ніткамі. Дэпутат са сваімі памочнікамі надта ня парыўся, — відаць, пагугліў крыху, пагартаў старонкі ў інтэрнэце, і не разабраўшыся, што да чаго, вось гэтую заяву і накатаў. Таму, калі сапраўды дойдзе да якога-небудзь разбору, гэтыя абвінавачаньні ўсе разваляцца, яны былі на пустым месцы. Знайдзіце відэазапіс канцэрту ў Іжэўску — там няма ніводнага абразьлівага слова на адрас расейцаў. Нічога там такога не было».

Што да ненарматыўнай лексыкі — на канцэртах часам такое здараецца. Але «Ляпісаў» дзівіць, што заўвага гучыць з вуснаў прадстаўнікоў Лібэральна-дэмакратычнай партыі Расеі, кажа Аляксандар Бергер:

«Ну так, мы не адмаўляем, здараецца часам, выкарыстоўваецца абсцэнная лексыка на канцэртах. Але што да лідэра гэтай партыі ЛДПР Жырыноўскага — інтэрнэт проста перапоўнены ролікамі, дзе ён мацярыцца — на сустрэчах, на людзях, у жывым эфіры. Ён гэта робіць пастаянна. Няхай на сябе зьвярнуць спачатку ўвагу».

Што да рэзкіх выказваньняў наконт «імпэрскіх імбэцылаў», гэта сапраўды прагучала, але не ў Іжэўску, а на канцэрце ў Нямеччыне, і за гэтыя словы Аляксандар Бергер публічна папрасіў прабачэньня праз газэту «Известия». Але прагучала гэта ў адказ на пэўныя правакацыйныя дзеяньні аднаго з гледачоў, у чым можна пераканацца, паглядзеўшы відэазапіс канцэрту ў Нямеччыне, які зьмешчаны ў інтэрнэце:

«Любы чалавек, які бачыў канцэрт з пачатку і да канца, усё разумее, што там адбывалася. У гэтым відэа няма абразаў у цэлым краіны — Расеі, няма абразаў расейцаў. Ёсьць сапраўды жорсткі адказ на тую абразу, якая была вымаўлена адным канкрэтным гледачом на канцэрце ў Нямеччыне».

Цяперашні тур па гарадах Расеі — самы пасьпяховы за ўсю гісторыю гурту. З красавіка па жнівень у графіку групы 15 канцэртаў: у Волагдзе, Ніжнім Ноўгарадзе, Тальяці, Новасыбірску, Кемераве, Краснаярску, Іркуцку, Маскве, Санкт-Пецярбургу і Цьверы, кажа Аляксандар Бергер:

«Што выклікае замілаваньне ва ўсіх гэтых заявах „радзецеляў за народ расейскі, за дзяржаву расейскую“ — гэта тое, што яны, відаць, сябе асацыююць з краінай і народам, і калі не падабаецца штосьці ім, яны лічаць, што гэта не падабаецца ўсім. Але ў тых гарадах, дзе выступаюць „Ляпісы“ — паўсюдна адбываюцца аншлягі. Прычым гэта адбываецца менавіта ў туры „Матрошка“. За каго тады прымаюць расейцаў тыя людзі, якія лічаць, што Міхалок іх абразіў? За мазахістаў? То бок іх абражаюць, крыўдзяць, а яны купляюць квіткі, ходзяць на канцэрты, радуюцца? Ну, лухта поўная!»

Паўтара месяца таму Раман Худзякоў, які цяпер прапануе Генпракуратуры Расеі забараніць канцэрты «Ляпісаў» і абвясьціць Міхалка пэрсонай нон грата ў Расеі, прасіў праверыць на прадмет экстрэмісцкіх выказваньняў прамову Міхаіла Хадаркоўскага на Майдане ў Кіеве.
XS
SM
MD
LG