Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Журналіст Сьцяпан Чырыч пад хатнім арыштам


Журналіст расейскай тэлекампаніі НТВ, грамадзянін Беларусі Сьцяпан Чырыч знаходзіцца ў Днепрапятроўску пад хатнім арыштам.

Як паведаміў БелаПАН прэс-сакратар МЗС Беларусі Дзьмітры Мірончык, 26 красавіка суд у Днепрапятроўску пастанавіў вызваліць Сьцяпана Чырыча з-пад варты і абраць яму меру стрыманьня ў выглядзе хатняга арышту.

Цяпер ён жыве на найманай кватэры ў Днепрапятроўску, ніякіх абмежаваньняў на кантакты са зьнешнім сьветам у яго няма.

Журналіст мае двух адвакатаў, прызначаных у адпаведнасьці з украінскім заканадаўствам і падабраных тэлекампаніяй НТВ.

Консульская служба беларускай амбасады падтрымлівае з адвакатамі пастаянны кантакт.

Украінскія СМІ са спасылкай на ўпраўленьне Службы бясьпекі Ўкраіны ў Днепрапятроўскай вобласьці паведамілі пра затрыманьне двух мужчын з журналісцкімі пасьведчаньнямі, у тым ліку Сьцяпана Чырыча, які здымаў сюжэт для тэлеканала НТВ. Яны падазраюцца ў шпіянажы.

«Падчас здымак замежныя грамадзяне выкарыстоўвалі тэхнічнае прыстасаваньне, закамуфляванае пад акуляры з умантаванай відэакамэрай высокага разрозьненьня, якая мае прыкметы спэцтэхнічных сродкаў сакрэтнага атрыманьня інфармацыі», — гаворыцца ў паведамленьні УСБУ.

Паводле дадзеных агенцтва УНІАН, у гутарцы з работнікамі ўкраінскіх спэцслужбаў Чырыч заявіў, што прыбыў ва Ўкраіну здымаць экзарцызм і працу царквы, а спэцсродкі і камэру ў акулярах патлумачыў магчымасьцю забароны здымак.

У сваю чаргу, камандзір спэцбатальёна «Днепр» Юры Бяроза паведаміў, што на зробленых журналістамі фатаздымках няма царквы або падзеяў у ёй, а ёсьць райаддзелы міліцыі, мясцовыя адміністрацыйныя будынкі і вайсковыя аб’екты на ўсходняй мяжы Днепрапятроўскай вобласьці, у прыватнасьці пункту СПА. У СБУ паведамілі, што крымінальная справа ў дачыненьні да журналістаў была адкрыта паводле артыкула «выкарыстаньне спэцыяльных тэхнічных сродкаў сакрэтнага атрыманьня інфармацыі».
XS
SM
MD
LG