Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Харкаве сэпаратысты напалі на шэсьце за еднасьць Украіны


У Харкаве 27 красавіка прыхільнікі сэпаратызму напалі на марш за адзінства Украіны.

Падчас бойкі пацярпелі 14 чалавек, зь іх васьмёра шпіталізаваныя.
Прарасейскія сэпаратысты з «георгіеўскімі стужкамі» з бітамі і палкамі напалі на ўдзельнікаў шматтысячнага маршу за адзінства Ўкраіны. Некалькі чалавек параненыя.

Паводле харкаўскай міліцыі, у пацярпелых, сярод якіх два міліцыянты, траўмы лёгкай і сярэдняй цяжкасьці.

Шэсьце за цэласнасьць Украіны зладзілі ўкраінскія ўльтрас мясцовага харкаўскага «Мэталіста » і днепрапятроўскага «Дняпра», якія ў гэты дзень праводзілі матч у Харкаве. Да іх далучыліся многія харкаўчане, сярод якіх, удзельнікі мітынгу Эўрамайдану.



Удзельнікі шэсьця скандавалі «Адна -адзіная свабодная Ўкраіна», " Украіна вышэй за ўсё", "Слава Украіне! Героям слава«, а таксама крычалкі супраць прэзыдэнта Расеі Ўладзімера Пуціна.

Некаторыя ўдзельнікі шэсьця разьбілі легкавік, упрыгожаны сымболікай сэпаратыстаў.

Прадстаўнікі харкаўскага Эўрамайдана на мітынгу ў нядзелю заклікалі ўкраінскую ўладу і міліцыю да рашучых дзеяньняў адносна людзей, якія заклікаюць да сэпаратызму.

Больш за дзьве сотні харкаўчан сабраліся на плошчы Канстытуцыі ў Харкаве.
Людзі трымалі ў руках ўкраінскую сымболіку і плякаты з надпісамі «Пуцін — крывавы забойца. Спыніся!», «Мы не здадзімся без бою».
Міліцыя Харкава ў ноч на панядзелак затрымала 13 «агрэсыўна настроеных прыхільнікаў фэдэралізацыі дзяржавы», паведамляе МУС Украіны.

Ноччу на плошчы Свабоды адбываліся несанкцыянаваныя акцыі з удзелам радыкальна настроеных грамадзян, якія незаконна ўсталёўвалі намёты, будавалі загароды і палілі вогнішчы.

У дэманстрантаў былі канфіскаваныя скрыні з «кактэйлямі Молатава», маскі, драўляныя палкі, выбуховыя пакеты і цьвікі, паведамляе МУС.
XS
SM
MD
LG