Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗША і ЭЗ увядуць новыя санкцыі супраць хаўрусьнікаў Пуціна


Барак Абама

Барак Абама

ЗША і Эўразьвяз плянуюць абвясьціць 28 красавіка аб увядзеньні новых санкцый супраць Расеі.

Паводле інфармацыі прадстаўніка Белага дома, на якога спасылаецца Рэйтэр, санкцыі закрануць людзей і кампаніі з «ўнутранага кола» прэзыдэнта РФ Уладзімера Пуціна. Мяркуецца таксама, што санкцыі закрануць ваенна-прамысловы комплекс Расеі і, у прыватнасьці, экспарт у гэтую краіну высокіх тэхналёгій.

ЗША увядуць санкцыі ў дачыненьні да чыноўнікаў з блізкага атачэньня Пуціна, а таксама кампаній, якія яны кантралююць — у сувязі з дзеяньнямі Расеі супраць Украіны. Пра гэта 27 красавіка заявіў намесьнік памочніка прэзыдэнта ЗША па нацыянальнай бясьпецы Тоні Блінкен, выступаючы ў эфіры тэлеканалаў CNN, CBS і NBC.

Ён адзначыў, што аб увядзеньні санкцый, якія закрануць асяродзьдзе Пуціна, будзе абвешчана ў пачатку гэтага тыдня. Гэтыя меры ўскладняць дасягненьне эканамічнага росту, які Пуцін абяцаў расейцам, адзначыў Блінкен.

Раней прэзыдэнт ЗША Барак Абама абвінаваціў Расею ў невыкананьні жэнэўскіх дамоўленасьцей па дээскаляцыі напружанасьці ва Ўкраіне і папярэдзіў Маскву аб увядзеньні новых санкцый.

Эўразьвяз, як чакаецца, таксама абвесьціць пра свае санкцыі супраць Расеі. У апублікаванай у суботу заяве «Вялікай сямёркі» гаворыцца аб гатоўнасьці ўсіх краін групы тэрмінова прыняць новыя санкцыі супраць Расеі, каб забясьпечыць умовы для правядзеньня ва Ўкраіне прэзыдэнцкіх выбараў у канцы наступнага месяца.

Ня ўсе ў Вашынгтоне ўпэўненыя, што плянаваныя санкцыі на самой справе могуць паўплываць на Расею і прымусіць яе зьмяніць свой курс ва Ўкраіне. Некаторыя заканадаўцы, а сярод іх прадстаўнікі абедзьвюх вядучых палітычных партый ЗША, лічаць пазыцыю адміністрацыі прэзыдэнта Абамы ў адносінах да Расеі занадта мяккай. Такога меркаваньня, у прыватнасьці, прытрымліваецца ўплывовы сэнатар-рэспубліканец ад штату Тэнэсі Боб Коркер. Ён таксама браў удзел у нядзельнай перадачы CBS:

— На мой погляд, гэтыя кропкавыя санкцыі супраць асобных людзей не зьяўляюцца эфэктыўнымі і не адбіваюцца на паводзінах Пуціна. Я, а таксама многія іншыя, у прыватнасьці мой калега-дэмакрат Карл Левін, які, як і я, нядаўна наведаў Украіну, лічым, што нам неабходна ўжываць санкцыі супраць расейскіх кампаній, з тым каб гэта паўплывала на эканоміку Расеі. Бо мэта, якую Расея перасьледуе ва Ўкраіне, заключаецца ў тым, каб дэстабілізаваць гэтую краіну. Я прапаную ўвесьці санкцыі супраць цэлых сэктараў расейскай эканомікі.

Сэнатар Коркер, у прыватнасьці, прапанаваў, каб гэтыя санкцыі распаўсюдзіліся на вядучыя расейскія банкі, а таксама на «Газпром».

Тоні Блінкен, аднак, адзначае, што меры, уведзеныя супраць Масквы пасьля далучэньня Крыму, ужо балюча ўдарылі па расейскай эканоміцы.

«Яе фінансавыя рынкі аселі на 22 адсоткі з пачатку года, а рубель знаходзіцца на самым ніжнім узроўні», — адзначыў прадстаўнік Белага дома.

СЬПІС АСОБАЎ, СУПРАЦЬ ЯКІХ УЖО БЫЛІ ЎВЕДЗЕНЫЯ САНКЦЫІ ЗША
XS
SM
MD
LG