Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print
Сталкеры Свабоды

З зоркамі я размаўляю на беларускай мове — астраном-самавук Кастусь Сырэль


Радыёінжынэр, астраном-самавук і сталы слухач Радыё Свабода зь пяцідзесяцігадовым стажам Кастусь Сырэль з Ушачаў — герой чарговага выпуску праграмы «Сталкеры Свабоды».

«Упершыню пачаў слухаць Свабоду ў 1964 годзе, калі ў сям’і ў нас зьявіўся радыёпрымач з кароткімі хвалямі. Гэта была радыёла «Промінь-М» коштам 57 рублёў 50 капеек. Я зладзіў адмысловую антэну і пачаў слухаць. Гэта было акенца ў навакольны сьвет.

Ёсьць такі малюнак сярэднявечны, на якім падарожнік дайшоў да самага краю зямлі. Мы ўсе ведаем, дзе знаходзіцца край зямлі. Гэта ў Індыі, дзе жывуць людзі з сабачымі галовамі, недалёка ад Краіны Пляшывых Людзей. Там нябесны купал, які, як тады меркавалі, зроблены са шкла. І вось у гэтым купале быў разлом. Падарожнік вызірнуў з гэтага разлому і глядзіць, а што ж там за гэтым нябесным купалам.

Сталкеры Свабоды

«Сталкеры Свабоды» — штотыднёвая праграма нашага Радыё. У ёй мы распавядаем пра людзей, якія сілай сваіх перакананьняў, творчай актыўнасьцю, нязломным аптымізмам, глыбінёю веры ў сваё прадвызначэньне ствараюць уласную тэрыторыю свабоды. Героі праграмы — земляробы і інтэлектуалы, адзінокія маці і шматдзетныя бацькі, спартоўцы і эколягі, невядомыя народныя майстры і выбітныя прафэсійныя мастакі, вольныя вандроўнікі і вязьні турмаў — усе тыя, хто штодзённа расшырае вакол сябе ўласную свабодную прастору да межаў уласнае краіны. Штотыдзень па суботах на нашым сайце — «Сталкеры Свабоды».

Усе выпускі «Сталкераў Свабоды»

Вось прыкладна такім разломам у навакольны сьвет для мяне стала Радыё Свабода. Яе вельмі зацята, нават, я б сказаў, апантана глушылі. Ні адну радыёстанцыю так не глушылі, як Свабоду.

Я на замежных хвалях шукаў музыку. Памятаеце Yesterday — The Beatles? Нам прадстаўлялі ўвесь заходні сьвет як варожы, а тут такія песьні, такая музыка.

У 1957 годзе я пайшоў у школу, і ў тым жа годзе быў запушчаны першы штучны спадарожнік Зямлі. Тады ўсе хлапчукі на пытаньне, кім будзеш, адказвалі — лётчыкам альбо касманаўтам. Дзе ж набрацца на ўсіх касьмічных караблёў і самалётаў?

Я пра ўсе плянэты і зоркі чытаў, я ўяўляў іх, мне яны сьніліся. Я быццам сам хадзіў па гэтым Месяцы, па гэтай Вэнэры.
Пуціну на нешта спатрэбіўся гэты Крым. Ну нашто яму Крым? Калі ён хоча, я прэзэнтую заўтра яму якую-небудзь плянэту прыстойную.

Я шчасьлівейшы за Капэрніка, бо яму на працягу ўсяго ягонага 70-гадовага жыцьця не ўдалося ўбачыць плянэту Мэркурый. У яго там на Балтыйскім моры якія былі ўмовы назіраньня за Мэркурыем? То туман, то смуга, то аблокі, то дождж там ідзе. А на Ўшаччыне сёлетняй зімой склаліся проста ідэальныя ўмовы для назіраньня Мэркурыя. У студзені было вельмі чыстае неба, без аблокаў, маразы стаялі дваццаціградусныя і ніжэй. Стаіш, калоцісься ад холаду. Але ўсё-ткі я яго знайшоў!

Зорнае неба — гэта самая велічная, самая грандыёзная з усіх кніг, напісаных прыродай. Ты пачынаеш зусім па-іншаму сьвет успрымаць. І потым пачынаеш думаць: якое стварэньне сьвету, якіх за шэсьць дзён! Там 400 мільярдаў зорак у адной толькі туманнасьці Андрамэды!

Пуціну на нешта спатрэбіўся гэты Крым. Ну нашто яму Крым? Калі ён хоча, я прэзэнтую заўтра яму якую-небудзь плянэту прыстойную. Напрыклад, Эўропу — спадарожнік Юпітэра. А нашто яму спадарожнік? Я яму цэлую плянэту прэзэнтую вялікую — Сатурн разам з усімі ягонымі шасьцюдзесяцьцю спадарожнікамі натуральнымі, зь ягонымі кольцамі. На Сатурне ж столькі вадароду, столькі мэтану, столькі энэрганосьбітаў!
Я б раіў усім людзям як мага часьцей глядзець на зорнае неба. У мяне дык спыняецца галаўны боль, як я гляджу на неба.

З зоркамі я размаўляю на беларускай мове. Мне важна, што ў сусьвеце ёсьць такая нацыя, такі народ маленькі. Я ня думаю, што мы адзіныя ў сусьвеце. І, пэўна ж, існуюць цывілізацыі нашмат больш разьвітыя, чым мы. Яны гавораць на сваёй мове, а мы — на сваёй».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG