Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ва Ўкраіну едуць перагаворшчыкі АБСЭ — ратаваць інспэктараў у Славянску


Ва Ўкраіну выехала дэлегацыя АБСЭ, якая будзе весьці перамовы аб вызваленьні захопленых на ўсходзе краіны вайсковых інспэктараў. Пра гэта 26 красавіка паведаміла крыніца ва ўрадавых колах ФРГ, перадае Нямецкая хваля.

Раней у МЗС Нямеччыны заявілі пра намер пачаць перамовы з сэпаратыстамі ў Славянску.

Раніцай 26 красавіка прайшло пасяджэньне крызыснага штабу па праблеме вызваленьня супрацоўнікаў АБСЭ. Крызысны штаб працуе ў цесным супрацоўніцтве з АБСЭ і знаходзіцца ў кантакце з уладамі РФ і Ўкраіны.

Разам з тым ўрад ФРГ патрабуе неадкладнага вызваленьня вайсковых інспэктараў АБСЭ, якія ўтрымліваюцца на ўсходзе Ўкраіны прарасейскімі сэпаратыстамі.

Так, міністар абароны ФРГ Урсуля фон дэр Ляйен заклікала «ўсіх ва Ўкраіне і Расеі, хто нясе адказнасьць і валодае ўплывам», неадкладна ўжыць намаганьні для хутчэйшага вызваленьня супрацоўнікаў АБСЭ.

Паводле словаў кіраўніка Мінабароны ФРГ, супрацоўнікі АБСЭ і салдаты бундэсвэру знаходзяцца ва Ўкраіне не для ўмяшаньня ў якой-небудзь форме, а ў рамках «Венскага дакумэнту АБСЭ» і павінны забясьпечыць ўмацаваньне даверу і стварэньне аб’ектыўнай карціны таго, што адбываецца.
XS
SM
MD
LG