Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Папярэднія вынікі першага туру прэзыдэнцкіх выбараў у Аўганістане паказваюць, што былы міністар замежных спраў Абдула Абдула і экс-міністар фінансаў Ашраф Гані занялі адпаведна першае і другое месцы і, верагодна, возьмуць удзел у другім туры выбараў.

Выбарчая камісія Аўганістану паведаміла, што Абдула Абдула набраў 44,9 працэнта галасоў. У Ашрафа Гані 31,5 працэнта. Былы міністар замежных спраў Залмай Расул заняў трэцяе месца з 11,5 працэнта галасоў выбарцаў.

Правядзеньне другога туру заплянаванае 7 чэрвеня. Канчатковыя афіцыйныя вынікі першага туру, як чакаецца, будуць апублікаваныя ў сярэдзіне траўня.

Гэтыя выбары стануць першым у гісторыі Аўганістану прыкладам зьмены ўлады шляхам усенароднага галасаваньня.

На тое, каб зьмяніць Хаміда Карзая на пасадзе прэзыдэнта краіны, прэтэндавалі восем кандыдатаў. Сам ён, паводле Канстытуцыі, ня мог балятавацца на трэці тэрмін.

Напярэдадні дня галасаваньня ўлады Аўганістану разгарнулі маштабную ваенную апэрацыю, каб ня даць руху «Талібан» выканаць сваё абяцаньне сарваць выбары.

Аднак насуперак спробам талібаў сарваць галасаваньне, яўка аказалася надзвычай высокай: у выбарах прынялі ўдзел сем мільёнаў з 12 мільёнаў паўналетніх грамадзян.

«Высьветлілася, што аўганскія ўлады, пры ўсіх недахопах, у цэлым здольныя забясьпечваць бясьпеку пасьля спыненьня актыўнай ролі сіл НАТО ў канцы мінулага году, — адзначыў брытанскі гісторык Уільям Далрымпл, камэнтуючы аўганскія выбары для ВВС. — Нарэшце аўганская палітычная эліта здолела вылучыць годных і кампэтэнтных кандыдатаў нават па мерках перадавых краін. Ёсць надзея, што ў гісторыі краіны і сапраўды пачынаецца новая старонка».
XS
SM
MD
LG