Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Музыка — гэта не хакей, тут няма лепшых і горшых». Bosaesonca падводзіць творчыя вынікі


Гурт Bosaesonca

Гурт Bosaesonca

27 красавіка BosaeSonca адыграе вялікі сольны канцэрт у клюбе Tarantino (канцэртная заля «Менск»).

Нядаўна гэты малады беларускі гурт быў адзначаны ўзнагародай «Найлепшы беларускамоўны альбом» паводле сайту Experty.by. Акрамя гэтага, BosaeSonca атрымаў прыз «Дэбют года» на прафэсійнай музычнай прэміі Rock Profi, пераможцы якой вызначаюцца самімі музыкамі.

«Заўтрашні канцэрт надзвычай важны, апошні час гурт „Босае сонца“ ня граў даўгіх паўнавартасных сольных канцэртаў, таму для нас гэта падзея. Гэта выніковы канцэрт па нейкім пэрыядзе працы. Выйшаў пасьпяховы альбом, і для крытыкаў, і для слухачоў», — распавёў лідэр гурту Алесь Кот-Зайцаў.
Паліна Рэспубліка і Алесь Кот-Зайцаў

Паліна Рэспубліка і Алесь Кот-Зайцаў



На пытаньне Радыё Свабода, ці пасьля сэрыі прэстыжных узнагародаў гурт прэтэндуе на статус найлепшага беларускага калектыву, сьпявак жартуе:

«Прэтэндаваць можна шмат на што. Але музыка — гэта не хакей, ня тэніс. Нельга казаць, хто лепшы, хто горшы. Ёсьць больш папулярныя і менш папулярныя, гэта не заўжды паказьнік, — кажа Алесь Кот-Зайцаў. — Калісьці ты набываў вінілавыя пласьцінкі і слухаў іх да дзірак. Выбар музыкі вельмі шырокі, і таму асабліва важна выканаўцу знайсьці свайго слухача. Мы сваю публіку знайшлі — і гэта галоўны посьпех».

На сольным канцэрце ў Менску гурт прасьпявае разам з Палінай Рэспублікай. «Не згарыш» — замежная песня, якая яшчэ ніколі не гучала на беларускай мове. Штуршком да стварэньня дуэту стаў канцэрт Паліны Рэспублікі з нагоды яе 20-годзьдзя, на які сьпявачка запрасіла з сэтам і BosaeSonca.


«Насамрэч мне вельмі блізка, што робіць „Босае сонца“. Гэтая песьня ня нашая, але пераклад, які мы зрабілі, цікавы. Атрымалая песьня пра пошук чалавекам свайго месца ў жыцьці» — распавяла Свабодзе Паліна Паланейчык.

Паводле словаў сьпявачкі, ёй вельмі блізкія сьпевы гурту BosaeSonca:

«Па-першае, яны зрабілі вельмі класны альбом на беларускай мове. Па-другое, вельмі важна, што іх песьні нясуць ня толькі нейкую музычную прыгажосьць, але і маюць вельмі глыбокі сэнс, над імі можна задумацца».

Алесь Кот-Зайцаў кажа, што яны зьбіраюцца супрацоўнічаць і зь іншымі выканаўцамі

«Мы ўжо супрацоўнічалі з рознымі музыкамі, у нас ужо гучаў рэп ад Алеся Плоткі, цяпер мне вельмі цікава пасупрацоўнічаць з электроннымі музыкамі, чым я цяпер і займаюся. Апошнім часам электроншчыкі пачалі запрашаць нас пасьпяваць. Добра, што нашая цікавасьць узаемная».

Квіткі на заўтрашні канцэрт можна набыць на сайце Kvitki.by альбо перад пачаткам у самім клюбе: Кастрычніцкая, 5 (адваротны бок КЗ «Мінск»).
XS
SM
MD
LG