Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

СБУ лічыць, што інспэктараў АБСЭ выкарыстаюць як «жывы шчыт»


Захопленых у Славянску прадстаўнікоў АБСЭ ўтрымліваюць у нялюдзкіх умовах. Сярод затрыманых ёсьць чалавек, які неадкладна мае патрэбу ў мэдычнай дапамозе, паведамляе прэс-цэнтар СБУ

«На сёньня афіцыйных прадстаўнікоў АБСЭ ўтрымліваюць у нялюдзкіх умовах у падвальным памяшканьні штабу тэрарыстаў. Сярод затрыманых ёсьць чалавек, які неадкладна мае патрэбу ў мэдычнай дапамозе. Штаб антытэрарыстычнай апэрацыі на месцы гатовы яе прадставіць. Тэрарысты адмаўляюцца і не даюць магчымасьці дапамагчы закладнікам», — гаворыцца ў паведамленьні.

У СБУ лічаць, што «разумеючы непазбежнасьць пакараньня», выкрадальнікі плянуюць выкарыстаць закладнікаў у ролі «жывога шчыта, фактычна тэрарызуючы ўсю міжнародную супольнасьць, усе краіны — члены АБСЭ».

У паведамленьні адзначаецца, што выкраданьне афіцыйных прадстаўнікоў АБСЭ сплянавана і ажыцьцёўлена пад кіраўніцтвам грамадзяніна Расеі Ігара Стралкова, «які зьяўляецца верхаводам расейскіх дывэрсантаў» у Славянску. Непасрэднымі выканаўцамі зьяўляюцца дывэрсанты «Терець» і «Абвер».

СБУ сьцьвярджае: «Самі тэрарысты заяўляюць, што свае дзеяньні яны ўзгадняюць з расейскім бокам».

25 красавіка ў 11.40 на ўезьдзе ў Славянск невядомыя спынілі аўтобус з 13 пасажырамі. Сярод іх былі 7 прадстаўнікоў АБСЭ, 5 прадстаўнікоў Узброеных сіл Украіны і кіроўца транспартнага сродку. Па апошняй інфармацыі, захопленыя грамадзяне знаходзяцца ў памяшканьні УСБУ.

Паводле кіраўніка часовага ўраду самаабвешчанай «Данецкай народнай рэспублікі» Дзяніса Пушыліна, з затрыманымі абыходзяцца добра.
XS
SM
MD
LG