Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кіеў і Данецк адмовіліся ад барацьбы за Эўра-2020


Кіеўскі стадыён «Алімпійскі» і данецкая «Данбас Арэна», дзе праходзілі гульні футбольнага чэмпіянату Эўропы-2012, адмовіліся ад барацьбы за права прыняць матчы юбілейнага кантынэнтальнага першынства 2020 году.

Згодна з рашэньнем выканкаму УЭФА, прынятаму напачатку мінулага году, сустрэчы фінальнай стадыі Эўра-2020, калі будзе адзначацца 60-гадовы юбілей эўрапейскага чэмпіянату, пройдуць у 13 гарадах Эўропы.

Да першага тэрміну — 12 верасьня 2013 году — цікавасьць да правядзеньня гульняў выказалі 32 нацыянальныя фэдэрацыі, у тым ліку і прадстаўнікі Ўкраіны, якія мелі намер задзейнічаць ужо правераныя стадыёны ў Кіеве і Данецку.

Аднак да 25 красавіка, калі скончыўся тэрмін падачы заявак на правядзеньне матчаў Эўра-2020, канчатковыя заявачныя дасье былі атрыманыя толькі ад 19 асацыяцый. Украіны ў гэтым пераліку не аказалася — мясцовыя спартовыя функцыянэры спаслаліся на тое, што цяпер Украіне не да футболу.

Сьледам за Ўкраінай за бортам апынецца яшчэ шасьцёрка краінаў-прэтэндэнтаў на 13 месцаў, дзе пройдуць гульні юбілейнага чэмпіянату Эўропы. Вэрдыкт будзе агучаны 19 верасьня ў Жэнэве.

Пакуль на ўдалы для сябе расклад спадзяецца Беларуская фэдэрацыя футболу, але ў адсутнасьць арэнаў эўрапейскага ўзроўню спадзяваньні гэтыя збольшага марныя.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG