Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Памяць пра ахвяраў Чарнобыля: на ўскраінах і кожны пра сваё


Афіцыйны мітынг
Афіцыйны мітынг

У Магілёве згадалі ахвяраў чарнобыльскай трагедыі. Афіцыйны мітынг адбыўся ля памятнага знаку «Мужнасьці ліквідатараў Чарнобыльскай катастрофы», што на тэрыторыі былой клінікі прафэсійнай і радыяцыйнай мэдыцыны.

Да яго чыноўнікі гарвыканкаму і аблвыканкаму, а таксама супрацоўнікі Камітэту дзяржаўнай бясьпекі, Міністэрства ўнутраных спраў ды надзвычайных сытуацыяў усклалі кветкі.

Актывісты апазыцыйных арганізацыяў правялі сваю жалобную акцыю таксама на ўскрайку гораду — ля крыжа «Ў памяць ахвярам Чарнобыля», што непадалёк ад найбольшых у горадзе Паўднёва-ўсходніх могілак.
Апазыцыйным мітынг
Апазыцыйным мітынг


На афіцыйным мітынгу большую частку ўдзельнікаў складалі маладыя людзі, якія трымалі транспаранты, сьцягі з жалобнымі стужкамі. Некаторыя — з шалікамі прадзяржаўнага аб’яднаньня «Белая Русь». Ахвяраў катастрофы згадалі хвілінай маўчаньня. Музычнае суправаджэньне і прамовы выступоўцаў былі па-расейску.

Старшыня Магілёўскага гарвыканкаму Ўладзімер Цумараў у сваім выступе параўнаў наступствы Чарнобыля для Беларусі з наступствамі Вялікай Айчынай вайны. Паводле чыноўніка, у вайну «нямецкія захопнікі зьнішчылі 618 паселішчаў, а ў выніку Чарнобыля Беларусь страціла 485 населеных пунктаў». Кіраўнік гарадзкой вэртыкалі заявіў: катастрофа «зьмяніла ўклад жыцьця беларусаў, але не зламала людзей».


«Агульныя страты ад катастрофы за трыццацігадовы пэрыяд яе пераадольваньня сёньня ацэньваюцца ў 235 мільярдаў даляраў, што роўна 32 бюджэтам краіны 1985 году», — казаў на мітынгу старшыня гарвыканкаму Ўладзімер Цумараў. Згадаў кіраўнік гарадзкой вэртыкалі і пагрозы, якія нясе атамная энэргетыка:

«Трагедыя Чарнобыля, — зьвяртаўся да грамады Цумараў, — урок для ўсяго сьвету. І гэты ўрок чалавецтвам засвоены недастаткова добра. Катастрофа японскай Фукусімы яшчэ раз паказала, што якімі б тэхналёгіямі ні валодала чалавецтва, які б хуткі і моцны ні быў тэхнічны працэс, супраць прыроды чалавек, на жаль, бясьсільны. Прырода неахвотна адкрывае нам свае таямніцы. Кожны раз папярэджваючы, што наступны крок можа быць аплачаны многімі жыцьцямі. Чарнобыль — гэта вечная засечка на памяць».

Пры канцы выступу Ўладзімер Цумараў зазначыў: «Ва ўмовах узрастаючага энэргаспажываньня і пагрозы зьмяншэньня запасаў нафты і газу, якое вядзе да ўзрастаньня канкурэнцыі на рынку энэргарэсурсаў, важнай праблемай становіцца забесьпячэньне энэргетычнай бясьпекі дзяржавы. Будаўніцтва АЭС у нашай краіне — аргумэнтаваная і ўзважаная пазыцыя. Улічаны ўвесь сусьветны досьвед, які сьведчыць, што ў будучыні ядзерная энэргетыка стане асноўным сродкам пераадольваньня глябальнага энэргетычнага крызісу».

Доўжыўся афіцыйны мітынг менш за паўгадзіны.

Прыкладна столькі ж працягвалася ля крыжа памяці акцыя актывістаў апазыцыі. На яе прыйшло паўтара дзясятка чалавек. Прамоўцы гаварылі пра ўтойваньне ўладай зьвестак пра наступствы Чарнобыля, калі адбылася аварыя. Крытыкавалі дзеяньні цяперашняга кіраўніцтва, якое заяўляе, што забруджаныя тэрыторыі прыдатныя для гаспадараньня і пражываньня.

Каардынатар гарадзкой кааліцыі дэмакратычных сіл Юры Новікаў зазначыў, што ў дзяржавы няма сродкаў, каб змагацца з наступствамі Чарнобыля, таму ёй лепей скіраваць высілкі на тое, каб грамадзтва забылася на трагедыю. Спадзявацца ж на замежную дапамогу Беларусі няма як, даводзіў прафсаюзны актывіст, бо беларуская ўлада ў ізаляцыі і ніхто ўкладаць сродкі ў пераадольваньне наступстваў аварыі ня будзе«.

Будаўніцтва атамнай электрастанцыі старшыня абласной арганізацыі Аб’яднанай грамадзянскай партыі Ўладзімер Шанцаў назваў новай бядой для Беларусі. Паводле яго, патрэба ў АЭС сумнеўная, асабліва з тым праектам, паводле якога яе зьбіраюцца ўзводзіць. Палітык зазначыў, што шырокай дыскусіі ў беларускім грамадзтве наконт будоўлі АЭС не было: «Дамінуе адно меркаваньне — трэба будаваць, і яно не аспрэчваецца», — казаў Шанцаў. Акрамя таго, даводзіў ён, цяпер адбываецца маніпуляваньне грамадзкай думкай:

«Ад нас хаваюць інфармацыю пра будоўлю АЭС, а за сродкі, якія ідуць на будоўлю, можна было разьвіваць альтэрнатыўныя крыніцы энэргіі. У гэтым выпадку не было б напружанасьці ў грамадзтве адносна бясьпекі для будучых пакаленьняў. Акрамя таго, будуючы станцыю, Беларусь яшчэ больш трапляе ў залежнасьць да Расеі».


Гаварыў Шанцаў і пра недапушчальнасьць разьмяшчэньня ў Беларусі расейскіх вайсковых фармаваньняў.

На думку кіраўніка абласной арганізацыі партыі БНФ Зьмітра Салаўёва, узьвядзеньне АЭС у Беларусі прывядзе да страты сувэрэнітэту краіны, бо, паводле яго, залежнасьць ад Расеі будзе татальная.

Скончылася жалобная акцыя апазыцыянэраў ускладаньнем кветак да крыжа ды малітвай.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG