Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Макей раіць Украіне ня бегчы ў Эўразьвяз, а задаволіцца Мытным саюзам


Уладзімер Макей
Уладзімер Макей

На сайце МЗС Беларусі надрукаваная стэнаграма інтэрвію міністра замежных спраў Ўладзімера Макея чэскай газэце «Лідове новіны». Сярод іншага чыноўнік закрануў украінскую тэму.

У прыватнасьці, адказваючы на пытаньне адносна пэрспэктываў сяброўства Ўкраіны ў Эўразьвязе і НАТО, спадар Макей даў зразумець, што найлепшым варыянтам для суседняй дзяржавы было б далучэньне да Мытнага саюзу і ў далейшым да Эўразійскага эканамічнага саюзу, які будуюць Беларусь, Расея і Казахстан.

«Уступленьне Ўкраіны ў НАТО, калі гэта здарыцца, канечне ж, для нас абсалютна непрымальнае. Гэта пацягне за сабой яшчэ большыя нэгатыўныя наступствы. Мы сыходзім з гэтага. Што тычыцца выбару Украіны паміж Эўрапейскім зьвязам ці Мытным саюзам, будучым Эўразійскім эканамічным саюзам, то гэта — сувэрэннае права дзяржавы».

Уладзімер Макей зазначыў, што ў выпадку, калі Ўкраіна падпіша пагадненьне аб асацыяцыі з Эўразьвязам, Беларусь як суседняя дзяржава знойдзе магчымасьць выбудаваць зь ёй адпаведныя гандлёва-эканамічныя і палітычныя адносіны. Удакладніўшы, што Менск ня можа ўплываць на геапалітычны выбар Кіева, чарговым разам паўтарыў: «Мы заўсёды гаварылі аб тым, што віталі б, каб Украіна ўступіла б у Мытны саюз. Гэта вялікая дзяржава і ўступленьне Ўкраіны паслужыла б таму, каб надаць новы імпульс інтэграцыйным працэсам, якія адбываюцца на постсавецкай прасторы».

Па словах міністра Макея, усё, што адбылося ва Ўкраіне за апошні час, здарылася шмат у чым па віне эўрапейскіх партнэраў. Маўляў, некаторыя кіраўнікі дзяржаў-сябраў Эўразьвязу наўпрост заявілі тагачаснаму прэзыдэнту Віктару Януковічу: падтрымку гарантуем, але дапамогі ад нас не чакайце. Вось тады ўкраінскі прэзыдэнт і зьвярнуўся па дапамогу да Расеі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG