Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Наступіла аднойчы шарая гадзіна, і не сканчалася і дзень, і месяц, і паўгода, і тады пайшла ўнучка да бабкі і кажа:

– Раскажы мне казку, бабуля Эўропа!

– Ну слухай, унучачка-беларусачка…

Жыла-была на сьвеце адна імпэрыя. Думала, што яна самая добрая, самая вялікая, самая справядлівая і ўсе яе любяць. А насамрэч была яна звычайная імпэрыя, як і ўсе іншыя, ела ды піла, будавала палацы і манумэнты, перапісвала сваю біяграфію з кожнай зьменай імпэратара, ну і вядома, днём і ноччу аднаўляла, усталёўвала і абараняла сваю спрадвечную справядлівасьць. То на суседзяў вайной сходзіць, то сваё насельніцтва прарэдзіць трохі. Бо хацела, каб усе яе любілі, гэта значыць – баяліся.

– І што бабуля, баяліся?

– Ня ўсе, яна хоць і вялікая была, але калі паквапілася на адну маленькую суседку, такую як ты прыкладна, тая стала так адбівацца, што імпэрыя назаўжды ад яе адчапілася. Але потым шмат яшчэ чаго было ўсякага, яна так была растаўсьцела, што цень яе амаль на ўсю зямлю стаў падаць. Але дзядзька Сэм, якога ты ведаеш, кажа ёй, зусім ты не імпэрыя дабра, а наадварот, і яна ад злосьці сама сабе галаву адкусіла, і ты і твае сёстры на волю выйшлі.

– І што потым было?

– А потым яе сталі ўсе шкадаваць і дапамагаць, і яна акрыяла пакрысе, і яе сталі ў госьці зваць і за стол саджаць, і яна спачатку паводзілася добра, а потым стала рукамі ў чужыя місы залазіць, ногі задзіраць, штурхацца.

– І што, ніхто яе не навучыў, што так нельга?

– Усе моцна занятыя былі сваімі справамі, не да таго было. Дый прызвычаіліся ўсе ў яе казінае малако браць.

– Ох, не люблю я гэтае малако…

– Шмат хто да яго так прывык, што і дня пражыць ня мог, і вочы заплюшчваў на ўсё астатняе.

– І што з усяго гэтага выйшла?

– Жыла яна так пажывала, але аднойчы прачнулася ад нейкага незнаёмага пачуцьця. Паглядзела па баках – быццам усё ў парадку, хто ня любіць, той паважае, хто не паважае, той баіцца. Стала перад люстэркам – аж блішчыць, такая мажная, унутраныя органы проста навонкі лезуць ад упітанасьці. Паклікала яна тады свайго прыдворнага лекара гістарычных навук і пытаецца – што такое, чаму я стала такая заклапочаная?

– Можа вам зноў сьвярбіць? – пытаецца гістарычны лекар.

– Сьвярбіць мне заўсёды – адказвае імпэрыя. – Ззаду ўнізе так было сьвярбела, што аж да крыві сабе скуру разадрала, і ўсё супакоілася. Потым у суседзяў там трохі сабе адчасала, каб не забываліся. І ўсё добра стала. Але цяпер нешта горш – хачу пачасаць, рука цягнецца, а там нічога няма. Проста геапалітычная катастрофа нейкая.

– Гэта фантомны боль, вашамосьць, нагі няма, а пальцы баляць, такое здараецца.

– Гэта як? Чаму ж тады сьвярбіць?

– Любы сьверб, вашамосьць, паводле мэдыцыны, толькі ў галаве таго, каму сьвярбіць.

– Ты пра сваю галаву думай, калі пра маю гаварыш! – і прыдушыла як клапа.

Потым запусьціла далонь у свае валасы пад каронай, нагрэбла вошай і сыпанула на суседку, якая адразу занепакоілася, закруцілася, тут яна рукой туды раз – і давай часаць і прычмокваць, пахлопваць і адшчыпваць, пакрыкваць і адрываць. Разгубілася суседка, закруцілася ад болю і агіды, але позна – ужо новая геапалітычная рэальнасьць узьнікла, якую імпэрыя ў рот запхнула і праглынула, і зноў разявіла.

І так працягвалася, аж пакуль раптам не атрымала па зубах, і пальцы ёй прышчамілі, і сырыя кавалкі з роту палезьлі, а галоўнае, малако яе перасталі браць. Тут яе ўнутраныя і іншыя органы занэрваваліся, адчулі, што з такой галавой справа фаршам пахне, і адкусілі яе зь сярэдзіны.

І ўсе навокал супакоіліся і нават пакет з мэдычнай і іншай дапамогай паслалі, і ўсяляк сталі падтрымліваць. І стала яна лагодная і прыгожая.

– Ой, якая дзіўная казка, бабуля Эўропа! А што потым было?

– А гэта ты ў дзядзькі Сэма спытайся, ён лепш ведае.

– А потым вырасла новая галава, – сказаў дзядзька Сэм. – І адразу з рагамі. Таму раней яна называлася імпэрыя зла, потым імпэрыйка зла, а цяпер – імпэрыя казла.

– Трэба пільнавацца, каб у патраву ніхто не залез, – сказала ўнучка, і пайшла свой гарод гарадзіць.

І шарая гадзіна скончылася.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG