Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пуцін прыпыніў дыпляматычныя адносіны з ЗША — СМІ


Правал жэнэўскіх дамоўленасьцяў «узмацніў разнагалосьсі паміж Вашынгтонам і Масквой», адзначае The Daily Beast.

Як паведамляе The Daily Beast, з моманту ўварваньня ў Крым паміж Пуціным і прэзыдэнтам Баракам Абамам адбываліся рэгулярныя тэлефонныя размовы з мэтай дээскаляцыі сытуацыі ва Ўкраіне.

Аднак, улічваючы тое, што ЗША і ЭЗ рыхтуюць новыя санкцыі супраць Расеі, Пуцін вырашыў, што ўзаемадзеяньне павінна спыніцца, піша выданьне са спасылкай на дыпляматаў і крыніцы, блізкія да расейскага кіраўніцтва, піша Украінская праўда.

«Пуцін ня будзе размаўляць з Абамам пад ціскам», — сказаў Ігар Юргенс, кіраўнік Інстытуту сучаснага разьвіцьця, блізкі паплечнік прэм’ер-міністра Расеі Дзьмітрыя Мядзьведзева, адзначыўшы, што дыпляматычныя адносіны разарваныя не назаўжды.

Дыпляматычныя крыніцы выданьня адзначаюць, што Пуцін не зацікаўлены ў размове з Абамам ў цяперашніх умовах. Лідэры дзьвюх краін маглі б зноў дамаўляцца ў будучыні, аднак ніводзін з бакоў не шукае прамога кантакту, як гэта адбывалася ў пачатку крызісу ва Ўкраіне.

Правал «жэнэўскіх дамоўленасьцей» узмацніў напружанасьць паміж Вашынгтонам і Масквой, адзначае The Daily Beast.

Разам з тым прадстаўнік Дзярждэпартамэнту Джэн Сакі заявіла, што ЗША не прыпынялі ўзаемадзеяньня з Расеяй і не былі праінфармаваныя расейскім бокам аб тым, што гэта адбылося.

Раней паведамлялася, што тэлефонныя кантакты міністра замежных справаў Расейскай Федэрацыі Сяргея Лаўрова і дзяржсакратара ЗША Джона Кэры, якія былі заплянаваны на 23 і 24 красавіка, не адбыліся.

Як вядома, ЗША абвінавачваюць Расею ў датычнасьці да распальвання сутыкненьняў і сэпаратысцкіх настрояў ва Ўсходніх абласьцях Украіны пасьля таго, як РФ анэксавала Крым.

Расея, у сваю чаргу, абвінавачвае ЗША ў настройваньні ўраду Ўкраіны супраць Расеі.

XS
SM
MD
LG