Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пад Славянскам – найвялікшы склад зброі ва Ўсходняй Эўропе


Аўтамат у руках прарасейскага актывіста ў Славянску
Аўтамат у руках прарасейскага актывіста ў Славянску
Прынамсі мільён адзінак агнястрэльнай зброі – ад кулямётаў часоў Першай сусьветнай вайны да савецкіх аўтаматаў Калашнікава – захоўваюцца ў саляной шахце імя Валадарскага. Пра гэта піша брытанская The Guardian.

Калі прарасейскія пратэстоўцы штурмавалі ўчастак міліцыі ў Славянску, яны захапілі некалькі соцень адзінак зброі. Яны таксама ўсталявалі кантроль над самым вялікім складам зброі, які знаходзіцца ў іх пад нагамі. Яшчэ ад сакавіка група пратэстоўцаў ахоўвае ўваход у саляную шахту імя Валадарскага, у якой захоўваецца як мінімум мільён адзінак зброі. Калі гэты склад у 2002 годзе наведваў Аляксей Мельнік, вайсковы аналітык цэнтру Разумоўскага ў Кіеве, там знаходзілася каля 3,5 мільёнаў адзінак. Шахта знаходзіцца каля вёскі Парасковіеўка за 40 км ад Славянску.

Пратэстоўцы, якія называюць сябе самаабаронай Данбасу, загарадзілі ўваход у шахту палаткамі. Многія зь іх падтрымліваюць так званую Данецкую народную рэспубліку, а новыя ўлады ў Кіеве называюць «хунтай». Яны баяцца, што ўзбраеньне са складу будзе выкарыстанае новымі ўладамі супраць іх або яшчэ, ня дай бог, патрапіць у рукі Правага сэктару.

«Я стаю за парадак, я не хачу, каб фашысты прыйшлі і выкарысталі гэту зброю супраць нас», кажа адзін з ахоўнікаў шахты Сямён Хадакоўскі, які нядаўна служыў у Бэркуце.

Сховішча ў шахце пачало закладацца яшчэ за Саветамі, у 1957 годзе, амаль 150 мэтраў пад зямлёй. Чалавек, які працаваў тут у 1990-я гады, адмовіўся назваць сваё імя. Паводле яго, там былі шаблі зь Першай сусьветнай, нямецкія вінтоўкі і нават тачанкі. Адносна нязьменныя кліматычныя ўмовы ідэальна падыходзяць для захаваньня зброі.

Добраахвотнікі з аховы кажуць, што ў блякадзе стаяць мясцовыя жыхары, вайсковыя вэтэраны і казакі. Яны кажуць, што ўсталявалі свой КПП пасьля таго, як 18 сакавіка сюды прыбылі людзі на чатырох вайсковых грузавіках і спрабавалі вывезьці зброю. Пазьней яны адбілі і другую спробу.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG