Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Максім Вінярскі. Чацьверты дзень сухой галадоўкі на Акрэсьціна


Максім Вінярскі

Максім Вінярскі

25 красавіка актывіст «Эўрапейскай Беларусі» Максім Вінярскі працягваў сухую галадоўку, якую абвясьціў 22 красавіка на знак пратэсту супроць незаконнага, як ён лічыць, арышту. Пра гэта паведаміла актывістка са спасылкай на крыніцу з ізалятара на Акрэсьціна, дзе трымаюць Максіма Вінярскага.

«Ён настроены працягваць галадоўку, адчувае сябе здавальняюча. Умовы, у якіх ён знаходзіцца, таксама лепш назваць здавальняючымі, а ня добрымі. У камэры няма верхняга сьвятла, і ўвечары яму немагчыма чытаць. Наконт гэтага накіраваная скарга начальніку ізалятара. Магчыма, яго перавядуць у іншую камэру».

Максім Вінярскі быў арыштаваны ўвечары 22 красавіка хворым — лекары хуткай дапамогі, якія аглядалі вязьня пасьля суду, вызначылі ў яго прыкметы віруснай ангіны і павышаную тэмпэратуру. Цяпер у ізалятары, паводле крыніцы, Вінярскаму патрэбны больш пільны мэдычны догляд і лячэньне, што таксама адзначана ў скарзе адваката. На шпацыры Максіма Вінярскага не выводзяць, паведаміла крыніца. Паводле зьвестак ад крыніцы, Максіму Вінярскаму сябры перадаюць кнігі і газэты, якія да вязьня даходзяць.

25 красавіка Максім Вінярскі падпісаў скаргу на пастанову судзьдзі Людмілы Лапо з Заводзкага суду Менску, паводле якой яго прызналі вінаватым у хуліганстве і непадпарадкаваньні міліцыі і асудзілі на 12 сутак арышту. Максім Вінярскі зьвязаў перасьлед з маючым адбыцца 26 красавіка Чарнобыльскім шляхам і з чэмпіянатам сьвету па хакеі, які пачнецца ў Менску 9 траўня.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG