Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка: на Ўкраіну ідзе адпаведны ціск, ведаеце, ад каго


Аляксандар Лукашэнка, архіўнае фота

Аляксандар Лукашэнка, архіўнае фота

Кіраўнік Беларусі лічыць, што становішча ва Ўкраіне вельмі сур’ёзнае і яго неабходна стабілізаваць.

Пра гэта ён заявіў на сустрэчы з жыхарамі Клімавічаў.

«І Захаду, і Расеі трэба ўціхамірыцца і зразумець адно: мы ў найвялікшай адказнасьці за гэты кавалак зямлі, таму што там жыве ўнікальны народ, нашы людзі, славяне. І мы ў адказнасьці за гэты народ, за яго культуру і за яго разьвіцьцё. Нельга дзейнічаць на зьнішчэньне дзяржавы і гэтага народу», — адзначыў Лукашэнка.

Паводле кіраўніка дзяржавы, сытуацыя ва Ўкраіне вельмі сур’ёзная, дайшло да страляніны. Ён распавёў, што ўчора размаўляў з Аляксандрам Турчынавым.

«Заклапочанасьць вельмі вялікая. І яны, вядома, крыўдзяцца на ціск звонку. Кажуць, усярэдзіне б справіліся, але ідзе адпаведны ціск, ведаеце, ад каго. Ім дай бог перажыць прэзыдэнцкія выбары 25 траўня, якія яны плянуюць правесьці, хоць гэта наўрад ці стабілізуе там абстаноўку. Вельмі цяжкая абстаноўка. Людзі нікому ня вераць, яны ня ведаюць, за кім ісьці. Прэзыдэнт уцёк, народ абабралі да ніткі жулікі і прайдзісьветы, і сёньня расьцягваюць у сваіх інтарэсах. Таму патрэбны чалавек, патрэбна група людзей, якія б наўпрост, ясна сказалі людзям: вось буду гэта рабіць, вось у гэтым кірунку пойдзем, дапамажыце, ідзіце. Людзі нікому ня вераць, і правільна робяць, таму што не аднойчы іх падманвалі», — цытуе БЕЛТА Лукашэнку.

Ён заявіў, што Беларусь ня хоча братазабойчай вайны ва Ўкраіне, і паведаміў, што цягам апошніх месяцаў каля 2 тысяч украінцаў прыехалі ў Беларусь. Ён сказаў, што ня можа забараніць уезд у краіну, аднак у Беларусі глядзяць, што за людзі едуць:

«Калі сем’ямі, то зразумела. Але можа ж хлынуць і крымінал сюды. У нас і так яго хапае, ледзь спраўляемся з гэтым».

У Беларусі вельмі заклапочаныя сытуацыяй ва Ўкраіне, але «самае страшнае наперадзе».

«Дзе-нідзе толькі прыступілі да пасяўной кампаніі і ўжо яе ўпусьцілі. А дзесьці наагул гэта немагчыма. І людзі ня бачаць пэрспэктывы: навошта сеяць? А заўтра есьці што? А дзяцей чым карміць? Таму гэта галоўная праблема, і я прэзыдэнту Ўкраіны ўчора сказаў: калі табе нешта трэба, то ты кажы, таму што заўтра будзе позна», — адзначыў Лукашэнка.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG