Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Наваполацкая міліцыя правярае актывіста па двух крымінальных артыкулах


Вадзім Драздоў

Вадзім Драздоў

Вадзім Драздоў — заснавальнік незалежнага сайту і сябар аргкамітэту па стварэньні грамадзкага аб’яднаньня «Свабодны рэгіён». Праз гэта ім і зацікавіўся Наваполацкі ГАУС, распачаўшы праверку ў дачыненьні да актывіста.

Вадзім Драздоў ужо некалькі гадоў жыве ў Швайцарыі, але былыя суседзі з Наваполацку распавялі яму пра нядаўні візыт міліцыянтаў.

«Супрацоўнікі міліцыі сказалі, што мяне шукаюць. Хоць я не хаваюся і ці ня ўвесь Наваполацак ведае, што я ў замежжы. Таму я папрасіў сваякоў наняць адваката, каб той дазнаўся, што такое здарылася і чаму мяне шукае міліцыя», — апавёў Вадзім Драздоў.

Са словаў адваката яму стала вядома, што Наваполацкі ГАУС праводзіць праверку адносна дзейнасьці актывіста ў якасьці заснавальніка сайта Freeregion.info і прыхільніка ідэі стварыць рэгіянальнае грамадзкае аб’яднаньне «Свабодны рэгіён».

Цікаўнасьць міліцыі праявілася пасьля апошніх мясцовых выбараў, удакладняе Вадзім Драздоў:

«Быў на сайце крытычны матэрыял пра фальсыфікацыі на выбарах. Таксама на сайце ёсьць калёнка блогаў, дзе выказваюцца вядомыя асобы — прыкладам, вядомы ўсім лекар Ігар Пасноў, якога летась прымусова накіравалі ў псыхушку пасьля шэрагу крытычных выступаў... Паводле адваката, праверка вядзецца ў рэчышчы крымінальнага артыкула 369-1 „Дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь“ — на наяўнасьць прыкметаў гэткага злачынства ў тэкстах сайта. І яшчэ міліцыя згадвае артыкул 193-1, які прадугледжвае крымінальную адказнасьць за дзейнасьць ад імя незарэгістраванай арганізацыі. Бо на сайце быў артыкул, дзе мы запрашалі да супрацоўніцтва неабыякавых людзей, якія б хацелі паспрабаваць сябе ў якасьці аўтараў або валянтэраў у розных нашых кампаніях. Дарэчы, фігуруе ў матэрыялах праверкі і артыкул пра пададзеную заяўку на чарнобыльскі пікет 26 красавіка. Акцыю забаранілі, і цяпер гарадзкі аддзел МУС будзе адсочваць, ці ня выйдзе нехта несанкцыянавана».

Праверка яшчэ не завершана. Калі ў міліцыі вырашаць, што ў дзейнасьці Вадзіма Драздова ёсьць склад злачынства па адным або некалькіх згаданых крымінальных артыкулах, то яму пагражае да двух гадоў пазбаўленьня волі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG