Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зінаіда Бандарэнка: Хачу, каб Беларусь выжыла і жыла хораша


Зінаіда Бандарэнка

Зінаіда Бандарэнка

Сымбаль далукашэнкаўскага беларускага тэлебачаньня, змагарка за родную мову на ім, эталён красы беларускай жанчыны, прынцыповая прыхільніца свабоды й дэмакратыі, стваральніца найлепшага ружоўніка ў прыменскіх лецішчах — і гэта толькі малая доля тых словаў, якімі абдорваюць сёньня Зінаіду Бандарэнку. Былая дыктарка БТ, народная артыстка Беларусі сьвяткуе 25 траўня тройчы па 25.

Яна нарадзілася ў Менску перад самай вайной, гадавалася і сталела ў Гомелі. Там на абласной тэлестудыі і пачалася яе імклівая зорная кар’ера, росквіт якое прыпаў на залаты век беларускай тэлевізіі. Так цяпер кажуць пра часы, калі БТ ачольваў паэт Генадзь Бураўкін. Прыгадвае пісьменьніца Вольга Іпатава, якая тады таксама працавала на БТ:

«Прыгожая, як казка, як мара. Мне здаецца, што ўсе мужчыны Беларусі былі закаханыя ў яе, таму што тая мова, якая лілася зь яе вуснаў, яна была сапраўды вельмі прыгожая і такая ж далікатная, як сама Зіначка».

Калі Зінаіда Бандарэнка стала кіраўніцай дыктарскай групы, то моўныя памылкі ў эфіры перасталі быць звычайнай зьявай. Апавядае былы супрацоўнік БТ мастацтвазнаўца Вячаслаў Ракіцкі:

«Я калі садзіўся да мікрафона і калі ўключаліся камэры, увесь час трымаў у галаве тое, што, напэўна, Зінаіда Аляксандраўна зараз будзе глядзець перадачу, і ўвесь час баяўся, каб не зрабіць нейкую памылку і каб пасьля не было за яе сорамна перад Зінаідай Аляксандраўнай. Яна несла вось гэтую сапраўдную культуру беларускай мовы, была патрабавальная і да сваіх калегаў-дыктараў, і ў калідоры магла сустрэць нас, рэдактараў і нават папулярных тэлевядучых, і акуратна, далікатна зрабіць заўвагу. Пасьля чаго мы ўжо ніколі не памыляліся». Зінаіда Бандарэнка і Генадзь Бураўкін

Зінаіда Бандарэнка і Генадзь Бураўкін


Званьне народнай артысткі, папулярнасьць і слава не засланілі ёй прынцыпы праўды, маралі і справядлівасьці. З прыходам да ўлады Аляксандра Лукашэнкі перад спадарыняй Бандарэнкай паўстаў выбар. І яна яго зрабіла не вагаючыся. Вольга Іпатава працягвае:

«Яна магла і сёньня атрымліваць там вялізныя ганарары, быць улюбёнкаю публікі, як кажуць, але яна выбрала іншую дарогу. Яна выбрала праўду, яна выбрала мову. Мова, ганьба з мовы — для яе гэта так балюча. Гэта не карцінка, якая дазваляла ёй быць беларускім дыктарам, гэта вобраз духу, мысьленьня. Яна гэта любіць усёй душой. І калі на шалі стала — ці гэтая любоў, ці далейшая кар’ера, — то яна выбрала першае. Для гэтага трэба вялікую мужнасьць мець і трэба быць вялікай патрыёткай сваёй краіны, сапраўднай патрыёткай».

Дзьверы БТ зачыніліся для спадарыні Зінаіды, але яна з задавальненьнем дае майстар-клясы для незалежных журналістаў ды вядзе розныя дэмакратычныя імпрэзы. А яшчэ гадуе ружы. Што ёй таксама бліскуча ўдаецца, кажа сусед па лецішчы Вячаслаў Ракіцкі:

«У яе самы лепшы ў нашым дачным каапэратыве „Сябры“ ружоўнік. Зь яе прарастае вось гэтая прыгажосьць, зь яе прарастае аптымізм жыцьця, маральнасьць».

7 траўня Зінаіда Бандарэнка будзе ладзіць вечарыну «Маё жыцьцё на тэлебачаньні». На ёй зорка колішняга БТ зьбіраецца падводзіць свае творчыя вынікі.

«За столькі гадоў зроблена шмат. Нешта даведзена да канца, нешта — не. Але пачуцьцё вельмі сьветлае. І мне б хацелася пажадаць усім беларусам радаснага жыцьця, сьветлага, каб, нягледзячы ні на што, выжыла і жыла хораша Беларусь».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG