Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Загадкавы расейскі мэдаль і дата «вяртаньня Крыму»


Паводле розных крыніцаў, Міністэрства абароны Расеі адзначыла сотні людзей у Расеі і Крыме адмысловым мэдалём «За вяртаньне Крыму».

Гэты мэдаль асабліва цікавы тым, што на ім пазначана дата вайсковай апэрацыі па «вяртаньні Крыму»: 20 лютага—18 сакавіка 2014 году.

Наконт 18-га сакавіка — зразумела: у гэты дзень прэзыдэнт Расеі Ўладзімер Пуцін падпісаў у Крамлі дакумэнт аб анэксіі крымскай тэрыторыі. А вось адкуль дата 20-га лютага?

На гэтую дату пачатку апэрацыі па «вяртаньні» Крымскага паўвострава і Севастопаля ўпершыню зьвярнуў увагу актывіст самаабароны горада Сватава Луганскай вобласьці, гісторык і журналіст па адукацыі Ўладзімер Просінь, які і апублікаваў гэтыя дадзеныя ў Фэйсбуку і ў часопісе «Біржавы лідэр».

З гэтага факту гісторыкі робяць розныя высновы і ў сувязі зь ім ставяць розныя пытаньні.

Па-першае, калі апэрацыя пачалася 20 лютага, значыць, не адпавядаюць праўдзе словы прэзыдэнта Расеі аб тым, што Расея не рыхтавалася да далучэньня Крыму і што дадзенае рашэньне было прынятае толькі пасьля атрыманьня зьвестак аб настроі мясцовых жыхароў і пасьля скіданьня ў Кіеве законнага прэзыдэнта Ўкраіны Януковіча, якое адбылося толькі 22 лютага.

Па-другое, апэрацыя пачалася яшчэ тады, калі ў Украіне дзеючым прэзыдэнтам быў Віктар Януковіч.

Па-трэцяе, пачатак апэрацыі «За вяртаньне Крыму» і расстрэл «нябеснай сотні» на Майдане ў Кіеве прыпадаюць на адзін і той самы дзень — 20 лютага. Гэта выпадковасьць?

Некаторыя зьвяртаюць яшчэ ўвагу, што факт пачатку апэрацыі 20 лютага найлепш тлумачыць пасьпешлівыя ўцёкі Віктара Януковіча з Украіны ў ноч з 21 на 22 лютага з сваёй рэзыдэнцыі ў Межыгор’і пад Кіевам. Ішоў 3-ці дзень «апэрацыі за вяртаньне Крыму». Калі гаворка ішла аб «працоўнай паездцы» Віктара Януковіча ў Харкаў, то навошта тады трэба было сьпешна грузіць членаў сям’і, мэблю, карціны і астатнія рэчы?

З надпісу на мэдалі ясна вынікае, як сьцьвярджаюць некаторыя, што гэта ня Крым вырашыў выйсьці са складу Ўкраіны пасьля скіданьня Януковіча, а Расея вырашыла «вярнуць» яго значна раней і без уліку меркаваньня крымчан.

Міністэрства абароны Расеі афіцыйна не выказвалася на тэму існаваньня мэдаля з такім надпісам. Чыноўнік гэтага міністэрства, зь якім размаўляў карэспандэнт нашага радыё і які папрасіў карэспандэнта не называць яго імя, таму што ён ня быў ўпаўнаважаны адказваць на гэтае пытаньне, адмаўляў наогул, што такі мэдаль існуе. «Не было ніякага вызваленьня Крыму. Быў рэфэрэндум і народ вырашыў» — сказаў чыноўнік.

Тым ня менш, выяву гэтага мэдаля можна ўбачыць на шмат якіх фатаграфіях і відэазапісах, даступных у інтэрнэце.


Існуе і артыкул у расейскай Вікіпэдыі з фатаграфіяй авэрсу гэтага мэдаля, на якім відаць згаданую загадкавую дату «вяртаньня Крыму».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG