Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці падтрымаюць улады Марш незалежнасьці?


Ігар Лялькоў

Ігар Лялькоў

Прадстаўнікі руху «За свабоду», грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду», партыі БНФ і аргкамітэту ў справе стварэньня партыі БХД сёньня зарэгістравалі ў сталічным гарвыканкаме заяўку на правядзеньне 14 траўня ў Менску Маршу незалежнасьці.

Ідэя правесьці такую акцыю нарадзілася пасьля заяваў кіраўніка дзяржавы, якія прагучалі 22 красавіка ў пасланьні да народу і парлямэнту. Аляксандар Лукашэнка казаў тады пра незалежнасьць як пра вялікую каштоўнасьць.

«14 траўня — гэта абсалютна не выпадковая дата, — кажа намесьнік старшыні партыі БНФ Ігар Лялькоў. — Роўна 19 гадоў таму адбыўся рэфэрэндум, які, можна сказаць, інстытуцыянальна ўзаконіў падзел грамадзянаў нашай краіны на чэсных і нячэсных, сьвядомых і несьвядомых, бел-чырвона-белых і чырвона-зялёных. Мы лічым, што надышоў час пакласьці канец гэтаму падзелу. Калі цяпер існуе рэальная пагроза незалежнасьці Беларусі, усе грамадзяне мусяць разам бараніць яе незалежнасьць».

Заяўнікі просяць гарадзкія ўлады дазволіць шэсьце ад Нацыянальнай бібліятэкі да плошчы Незалежнасьці, а таксама мітынг на плошчы Незалежнасьці.
Юрась Губарэвіч

Юрась Губарэвіч

«Мы лічым, што калі будзе дазволена мерапрыемства ў такім фармаце, то можна разьлічваць на ў разы большую колькасьць людзей, чым зьбіралі папярэднія акцыі апазыцыі, — упэўнены першы намесьнік старшыні руху „За свабоду“ Юрась Губарэвіч. — Улада ўжо шмат гадоў не дазваляе людзям сабрацца ў цэнтры Менску і прайсьці цэнтральнымі вуліцамі. Яна сьвядома аддзяляе частку грамадзтва і накіроўвае яе на Бангалор. У такім фармаце няма сэнсу праводзіць акцыю, якую мы заяўляем. Але мы хочам, каб не было падзелу і каб акцыя прадэманстравала, што ўлада таксама адкрытая да беларускага грамадзтва і гатовая даць магчымасьць выйсьці на вуліцы ўсім».
Алесь Лагвінец

Алесь Лагвінец

А намесьнік старшыні руху «За свабоду» Алесь Лагвінец дадаў: арганізатары акцыі дапускаюць, што ёсьць людзі, для якіх чырвона-зялёны сьцяг галоўны, але адначасова яны застаюцца патрыётамі Беларусі.

На гэтыя словы журналісты, якія прыйшлі на прэсавую канфэрэнцыю заяўнікаў Маршу незалежнасьці, сказалі: цяжка ўявіць, што Лялькоў альбо Лагвінец пойдуць пад чырвона-зялёным сьцягам. Ігар Лялькоў адрэагаваў на гэта так:

«Наўрад ці гэта будзе Лагвінец альбо Лялькоў з чырвона-зялёным сьцягам. Але ёсьць людзі ў нашым грамадзтве, якія зьяўляюцца прыхільнікамі незалежнасьці і адначасова лічаць яго сваім дзяржаўным сымбалем. Мы спадзяемся, што яны таксама да нас далучацца».

Ці сапраўды ёсьць нейкі шанец на тое, што гэтым разам улада пойдзе на кантакт з апазыцыяй? Гэтае пытаньне да арганізатараў акцыі прагучала ў кантэксьце таго, што раней улады ігнаравалі любыя падобныя спробы.

Алесь Лагвінец разважае як палітоляг:

«Пытаньне агульнанацыянальнага кансэнсусу вельмі важнае. Адрозьненьні ў нашым грамадзтве ёсьць. Яно падзеленае. І тут варта прыйсьці да якога-небудзь мінімуму рэчаў, на якія згодныя ўсе. Вядома, бел-чырвона-белыя каштоўнасьці вельмі важныя для актыўнай часткі грамадзтва. Але калі наладжваецца дыялёг у грамадзтве, то гэта можна абмяркоўваць. Дыялёг — бяз спальваньня, разрываньня, узаемнай павагі. І кожны павінен рабіць крокі насустрач».

Арганізатары акцыі заяўляюць: згода ўладаў на заяўлены фармат маршу і стане яе адказам на спробу дасягнуць нацыянальнага кансэнсусу.
XS
SM
MD
LG