Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Ліда: працяг суду за сьцягі на могілках


Станіслаў Суднік

Станіслаў Суднік

У Лідзе працягваецца суд над сямю апазыцыйнымі актывістамі, якіх судзяць за тое, што 25 сакавіка на гарадзкіх могілках ушанавалі памяць дзеячаў БНР. Усіх вінавацяць у арганізацыі несанкцыянаванага мерапрыемства.

Сяргей Трафімчык на працэсе запатрабаваў выклікаць сьведку — міліцыянта, які складаў на яго пратакол. Ягоную справу выдзелілі ў асобную і будуць разглядаць у суботу 26 красавіка. Суд над астатнімі працягнецца 5 траўня.

Паводле Станіслава Судніка, сёньня ў судзе ўсе давалі прыблізна аднолькавыя паказаньні: запалілі на могілках зьнічы, разгарнулі сьцягі і нічога не прамаўлялі, а таму і ня лічаць сябе арганізатарамі мітынгу.

Суднік заявіў суду, што заяўкі на мітынг не пісалі, бо мелі вусную дамову ў райвыканкаме. З райвыканкаму ў якасьці сьведкі быў выкліканы супрацоўнік ідэалягічнага аддзелу спадар Хвайніцкі. Ён засьведчыў, што размова з Суднікам была, але выкарыстаньне сьцягоў не абмяркоўвалася.

Суднік: «Я прадставіў суду дакумэнт пра тое, што сымболіка ТБМ зарэгістраваная. А пра бел-чырвона-белы сьцяг нагадаў, што Аляксандар Рыгоравіч прымаў прысягу пад ім, што ён нідзе не забаронены, і гэтага ніхто не аспрэчваў. Але ў дадзенай сытуацыі я зразумеў, што аспрэчваецца прымяненьне наагул палітычнай сымболікі, бо мерапрыемства з рытуальнага ператвараецца ў палітычнае. Мне здаецца, у гэтым нас вінавацяць».
Сяргей Трафімчык

Сяргей Трафімчык

Сяргей Трафімчык не пагадзіўся зь міліцыянтам, які ў пратаколе назваў мерапрыемства мітынгам. Таму ён хадайнічаў, каб гэтага міліцыянта выклікалі ў суд як сьведку. Мэта — пачуць, чаму ён кваліфікаваў запальваньне зьнічак на могілках як мітынг.

Судзьдзя задаволіў хадайніцтва, але выдзеліў ягоную справу ў асобную. Паседжаньне перанесена на суботу 26 красавіка. Трафімчык лічыць, што гэта зроблена адмыслова:

«У мяне такое падазрэньне, што лідзкія ўлады ня хочуць, каб я паехаў на Чарнобыльскі шлях і чарговы раз нёс празь Менск абраз Маці Божай Чарнобыльскай».

Грамадзкія актывісты зь Ліды і Лідзкага раёну Станіслаў Суднік, Сяргей Трафімчык, Вітольд Ашурак, Міхал Бурачэўскі, Мурат Мусаеў, Сяргей Сідарэнка і Юры Дзяшук 25 сакавіка на гарадзкіх могілках ушанавалі памяць сябраў беларускіх партыяў, якія загінулі ў Другую сусьветную вайну. На могілках яны запалілі зьнічы і разгарнулі бел-чырвона-белы сьцяг.

На могілках былі людзі ў цывільным, якія перапісалі прозьвішчы ўдзельнікаў, пасьля чаго праз тыдзень на тых склалі пратаколы і перадалі ў суд. У залі Лідзкага раённага суду

У залі Лідзкага раённага суду

XS
SM
MD
LG