Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кіеў вырашыў узяць Славянск у аблогу


Барыкады ля адміністрацыі Славянску

Барыкады ля адміністрацыі Славянску

Кіраўніцтва Ўкраіны вырашыла цалкам заблякаваць Славянск, паведаміў выканаўца абавязкаў кіраўніка Адміністрацыі прэзыдэнта Ўкраіны Сяргей Пашынскі.

«Мы прынялі рашэньне цалкам заблякаваць горад Славянск і ня даць магчымасьці атрымліваць падмацаваньні, каб лякалізаваць гэтую праблему», — заявіў Пашынскі.

Чыноўнік кажа, што цяпер адбываецца апэрацыя блякаваньня.

Ён агучыў дадзеныя выведкі:

«Тэрарысты разьмясьцілі свае апорныя пункты ў дзіцячых садках і шпіталях. Гэта пацьверджаны факт, і гэта сьведчыць пра тое, што ніякай палітыкі ў горадзе Славянску няма, гэта клясычны тэрарызм».

Разам з гэтым Пашынскі адзначыў, што ўлада гатовая да кампрамісаў з палітыкамі і грамадзкімі актывістамі, якія гатовыя да перамоваў, перадае УНІАН.

Гэлікоптэр у Краматорску падбіў снайпэр


На аэрадроме Краматорску з снайпэрскай вінтоўкі абстралялі верталёт «Мі-8», паведаміў першы намесьнік старшыні СБУ, кіраўнік антытэрарыстычнай апэрацыі Васіль Крутаў.

«Сапраўды, на аэрадроме Краматорску адзінкавым снайпэрскім стрэлам абстраляны верталёт „Мі-8“ на стаянцы», — заявіў Крутаў.

Паводле ягоных словаў, куля трапіла ў паліўны бак, здарыўся выбух, ад якога пацярпеў камандзір гэлікоптэра.

Сэпаратысты Краматорску сьцьвярджаюць, што гэта яны падбілі верталёт з гранатамёту.

«Нашы байцы падышлі да аэрадрома, стрэлілі з РПГ у бок верталёта, які стаяў на полі. Здарыўся выбух. Вайскоўцы пачалі страляць па нашых з аўтаматаў, нашы адступілі», — заявіў РІА «Новости» прадстаўнік сэпаратыстаў.
XS
SM
MD
LG