Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

У Менску хочуць правесьці Марш незалежнасьці


У Менскі гарвыканкам падалі заяўку на правядзеньне 14 траўня ў Менску Маршу незалежнасьці.

25 красавіка ў Менгарвыканкам падалі заяўку на правядзеньне 14 траўня ў Менску Маршу незалежнасьці. Пра гэта БелаПАН паведаміў адзін з заяўнікаў акцыі, намесьнік старшыні руху «За свабоду» Юрась Губарэвіч.

Акрамя Губарэвіча, заяўнікі Маршу незалежнасьці — Алесь Лагвінец, Сяргей Вазьняк, Ігар Лялькоў і Дзяніс Садоўскі. Яны просяць гарадзкія ўлады дазволіць шэсьце ад пляцоўкі каля Нацыянальнай бібліятэкі да плошчы Незалежнасьці па праезнай частцы праспэкту, а таксама мітынг на плошчы Незалежнасьці.

Ініцыятарам Маршу незалежнасьці выступіў рух «За свабоду». Ідэя правесьці такую акцыю нарадзілася пасьля заяваў кіраўніка дзяржавы, якія прагучалі 22 красавіка ў пасланьні да народу і парлямэнту.

«Мы лічым, што склалася сытуацыя, калі апазыцыя і ўлада сталі казаць пра незалежнасьць адны і тыя ж словы. У сваім пасланьні Аляксандар Лукашэнка казаў пра незалежнасьць як пра каштоўнасьць», — растлумачыў Губарэвіч.

«Пасьля выказваньняў Лукашэнкі мы б хацелі ўбачыць дзеяньні ўладаў, якія пацьвярджаюць, што яны гатовыя пайсьці на дыялёг з грамадзтвам, бо ў расколатым стане яно не гатова эфэктыўна супрацьстаяць зьнешнім пагрозам, — дадаў палітык. — Важна, каб улада не на словах, а на справе даказала гатоўнасьць абараняць незалежнасьць і спрыяць кансалідацыі грамадзтва, дасягненьню агульнанацыянальнага кансэнсусу. Улады павінны ня толькі дазволіць акцыю, але і далучыцца да яе, бо менавіта 14 мая 1995 году прайшоў рэфэрэндум па дзяржаўнай сымболіцы, які і паклаў пачатак расколу грамадзтва», — сказаў намесьнік старшыні руху «За свабоду».
XS
SM
MD
LG