Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На розных расейскіх каналах адзін чалавек граў «заходняга дывэрсанта» і «патрыятычнага пратэстоўца»


Расейскае тэлебачаньне злавілі на гарачым. Адзін і той самы чалавек выконваў ролю «замежнага найміта» ў адным інтэрвію і «расейскага патрыёта» ў іншым.

Пазнаёмцеся з Андрэем Пятховым. Ці, магчыма, Пятковым.

Гадоў дваццаць таму ён эміграваў у Нямеччыну, аднак нядаўна прыбыў у горад Мікалаеў на поўдні Украіны і наняўся арганізоўваць дзеяньні, накіраваныя супраць прарасейскіх пратэстоўцаў.

Хоць не, пачакайце. Падобна і на тое, што саракагадовы мясцовы патрыёт Расеі «як звычайна» зьявіўся на цэнтральнай плошчы Мікалаева, каб выказаць свой мірны пратэст супраць «радыкальнага» ўраду ў Кіеве.

Дык хто ж ён – гэты Пятк(х)оў? Гэта залежыць ад таго, які дзяржаўны тэлеканал вы гледзіце – НТВ ці Расію-1.

На НТВ ён іншаземец Пятхоў, які прывёз зь Нямеччыны 500 тысяч эўра з мэтай арганізацыі беспарадкаў. Падчас нападу, арганізаванага сябрамі ультранацыяналістычнага «Правага сэктару» на мірных прарасейскіх пратэстоўцаў, ён выпадкова папаўся і цяпер шпіталізаваны з пераломамі носа і нагі.
«Яго палата знаходзіцца пад узмоцненай аховай. Нашым карэспандэнтам удалося запісаць зь ім эксклюзіўнае інтэрвію» – паведаміла НТВ.

У бязладным інтэрвію Пятхоў адрэкамэндаваўся лекарам і ўладальнікам чатырох пашпартоў. Паводле яго словаў, 7 красавіка ў лягеры пратэстоўцаў супраць палітыкі Кіева ён аказваў дапамогу жанчыне з пашкоджанай рукой. Тым часам, паводле яго, п’яныя радыкалы напалі на мірных пратэстоўцаў з дубінкамі, шумавымі гранатамі і агнястрэльнай зброяй.

«За пяць хвілін маё жыцьцё зьмянілася – кажа Пятхоў. – Я прабыў у вашым горадзе суткі, і пад вечар мяне ледзь не забілі».

Пятхоў скардзіцца на страсеньне мазгоў. Паводле яго словаў, ён прадстаўляе арганізацыю, назвы якой ён «ня хоча абмяркоўваць». Ён ні разу ня кажа, што быў пасланы змагацца супраць прарасейскіх пратэстоўцаў. Тым ня менш, «НТВ» інтэрпрэтуе яго гісторыю адназначным чынам:

«Нямецкі найміт прывёз ва Украіну 500 тысяч эўра для Правага сэктару» – абвяшчае загаловак да відэазапісу на вэбсайце НТВ.

Аднак Расія-1 разглядае сюжэт пад іншым вуглом. У гэтым рэпартажы мясцовы жыхар Пяткоў знаходзіцца, як выглядае, у тым самым шпіталі. Але цяпер камэра затрымліваецца на прывязанай да сьпінкі ложка стужачцы Сьвятога Георгія – сымбалі прарасейскіх пратэстоўцаў.

«Саракагадовы Андрэй Пяткоў ня зможа хадзіць яшчэ паўгоду – апавядае карэспандэнт каналу Расія-1. – 7 красавіка Андрэй як звычайна прыйшоў на цэнтральную плошчу адкрыта заявіць пра тое, што ён незадаволены дзеяньнямі новай улады. Але на мірны пратэст нечакана наляцелі радыкалы , якія зладзілі сапраўдную бойню».

У гэтым рэпартажы Пяткоў зьяўляецца толькі на момант. Цяпер ён сьцьвярджае, што ўзброены баец ледзь не пазбавіў яго жыцьця.

«Ён мне да скроні прыстаўляе (пісталет), калі я ляжу на зямлі. Ён прыстаўляе, кажа: Я цябе заб'ю! Я кажу: Страляй! І тут дзяўчынкі падбеглі і з нагі яго – бац! І ён змыўся» – распавёў Пяткоў .

Тут рэпартаж з Пяткова пераключыўся на тлумачэньне таго, як украінскія ўлады нібыта аўтобусамі завозілі радыкалаў і нацкоўвалі іх на лягер мірных пратэстоўцаў. Пратэстоўцы ж дэманструюць карэспандэнту Расеі-1 гільзы ад патронаў, якімі па іх стралялі.

Так хто ж такі Пятк(х)оў? Адназначна сказаць немагчыма. Паглядзім, што пакажа трэці з асноўных дзяржаўных тэлеканалаў Расеі.
XS
SM
MD
LG