Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Нас змусілі перадаць наш храм РПЦ, — Тацьцяна Гаранская


Царква Ўсіх беларускіх сьвятых у Заслаўі (вул. Рагнеды, 26)

Царква Ўсіх беларускіх сьвятых у Заслаўі (вул. Рагнеды, 26)

У старажытным Заслаўі летась быў асьвечаны Сабор Усіх беларускіх сьвятых, збудаваны на грамадзкія ахвяраваньні. Менская і заслаўская інтэлігенцыя неаднаразова зьбіралася на талаку, каб дапамагчы ў будаўніцтве. Чаму ўсё ж царква была перададзеная Беларускаму экзархату Расейскай праваслаўнай царквы?

Госьцяй перадачы — ініцыятарка будаўніцтва храма мастацтвазнаўца Тацьцяна Гаранская.

— Тацьцяна, як увогуле зьявілася ідэя збудаваць сваю царкву?

— Мы зь Віктарам Маркаўцом займаліся гісторыяй Заслаўя, гісторыяй Беларусі. І мы ведалі, што калі людзі пачыналі будаўніцтва гораду, палацавага комплексу, — яны пачыналі з будаўніцтва храма. А мы меркавалі пабудаваць у Заслаўі гісторыка-культурны комплекс — музэй гісторыі Заслаўя, мастацкую галерэю і г.д. І мы таксама вырашылі пачынаць з царквы. Пачалося будаўніцтва ў 1993 годзе, а асьвяцілі Сабор Усіх беларускіх сьвятых у чэрвені 2013-га. Акрэсьленае дваццацігодзьдзе — гэта пэрыяд жыцьця Віктара ў Заслаўі, пэрыяд нашага шлюбу. Гэты храм — наша зь ім дзіця, самае сутнаснае з таго, што мы змаглі зрабіць. У гэты храм укладзеныя ўсе нашы памкненьні, нашы мары, нашы ўяўленьні пра Беларусь.

— Уяўляю, якія спатрэбіліся выдаткі. Ці ўдавалася вам знаходзіць фундатараў?

— Першы капітал на будаўніцтва быў зароблены Віктарам у 1992–1993 гадах, калі ў яго былі буйныя мастацкія праекты ў Польшчы. У горадзе Казімеж Дольны ён зрабіў выставу «Гістарычныя імпрэсіі», дзе паказаў гістарычныя помнікі Польшчы і Беларусі. І другі яго буйны праект — «Помнікі дойлідзтва Беларусі» — быў у ЗША. Апрача таго варшаўскія калекцыянэры вельмі любілі партрэтную дзейнасьць Маркаўца. Яны лічылі, што ў Польшчы такія вытанчаныя і пранікнёныя партрэты ўжо ніхто ня ўмее пісаць. І яны з рук у рукі перадавалі Віктара як аўтара. Ён напісаў шмат партрэтаў. І гэта быў асноўны капітал для будаўніцтва храма. Адсоткаў 80 — нашы асабістыя сродкі. Адсоткаў 20 — дапамога ад беларускай дыяспары і іншых сяброў. Нас падтрымлівалі беларусы ў Польшчы і ЗША. Першы сур’ёзны ўнёсак зрабіла сям’я Русакоў — 4 000 даляраў, паказаўшы ўзор беларускай ахвярнасьці. Прытым, я падкрэсьліваю, усе ведалі, што мы будуем беларускую праваслаўную царкву. Другі важкі ўнёсак зрабіў Кастусь Акула з Таронта — таксама 4 000 даляраў. Дапамагалі і іншыя.
На талаку па адбудове царквы зьбіраліся дзясяткі людзей

На талаку па адбудове царквы зьбіраліся дзясяткі людзей



— Адметнасьцю новай заслаўскай царквы зьяўляюцца росьпісы, зробленыя Віктарам Маркаўцом. Колькі часу ён на іх патраціў?

— Фактычна, усе гэтыя 20 гадоў Віктар хадзіў, думаючы пра росьпіс храма. Думка высьпявала ў ім паступова. У царкве ж існуюць каноны, іх трэба трымацца. Цяпер у многіх новых храмах ўсе росьпісы чамусьці змрочныя. І калі туды прыходзіш, узнікае пачуцьцё прыгнечанасьці. Віктар хацеў расьпісаць храм на радасьць людзям, каб ён быў сьветлым. Сваю працу ён пачаў у траўні 2012 году і скончыў у траўні 2013-га.

— Усяго за год?

— Так, за год. У яго перад гэтым была вялікая практыка. Ён рэканструяваў росьпісы ў Докшыцах, дзе яго хрысьцілі, і ў Сітцах Докшыцкага раёну. Там былі дзясяткі мэтраў росьпісаў! Віктар рабіў іх, можна сказаць, дабрачынна — як, кажуць, за пракорм. Гэтая праца была для яго добрай практыкай. Таму ў Заслаўі ўсё пайшло лёгка — як палёт. З дня ў дзень ён зь вялікай радасьцю расьпісваў храм. Натуральна, расьпісваў па ўсіх канонах, пасьціўся. Фактычна, душой і целам ён жыў у гэтым храме.
Росьпіс Віктара Маркаўца

Росьпіс Віктара Маркаўца



— Эвангелісты на фрэсках нагадваюць мне Яўгена Куліка, Уладзімера Конана... Ці гэта мне падаецца?

— Не, не падаецца. Калі Віктар пачаў пісаць чатырох эвангелістаў, такой ідэі не было. Але ў апошнія гады беларусы перажывалі горыч ад стратаў такіх выдатных асобаў, як Яўген Кулік, Уладзімер Конан, зь якімі мы былі ў сяброўскіх адносінах, бо рабілі агульную справу. Скажам, Конан і Кулік неаднаразова прыяжджалі на талаку, калі царква будавалася, а Уладзімер Міхайлавіч казаў: вось збудуеце свой гісторыка-культурны комплекс і возьмеце мяне садоўнікам... Па 50 чалавек часам зьбіралася! Вельмі часта так здараецца, калі мастак піша нейкую гістарычную асобу, то падсьвядома прамалёўвае ўласнае аблічча. А ў Віктара прамаляваліся вобразы гэтых асобаў. Апрача Конана і Куліка там можна пазнаць Васіля Быкава і Ўладзімера Караткевіча. І калі мы гэта зразумелі, то ён завяршаў працу, ужо сьвядома прапісваючы вобразы геніяў беларускай гісторыі і культуры.
Адзін з эвангелістаў нагадвае Яўгена Куліка

Адзін з эвангелістаў нагадвае Яўгена Куліка



— Магчыма, калі беларусы замежжа давалі грошы, то спадзяваліся, што яны пойдуць на будаўніцтва менавіта беларускай царквы. Чаму вы перадалі яе Беларускаму экзархату РПЦ?

— Па-першае, давайце прыгадаем, што ўладыка Філярэт, трэба аддаць яму належнае, у пачатку 90-х зь вялікай пашанай прымаў у Менску таго ж першаярарха БАПЦ уладыку Мікалая, аўтакефаліста Васіля Русака і іншых. Безумоўна, калі мы будавалі храм, то не ўяўлялі, што ён будзе не беларускамоўным. Мы тады не разумелі, што ня зможам да канца быць яго гаспадарамі . Калі мы будавалі, заслаўскі мэр Васіль Баранаў вызваліў нас ад усіх падаткаў. А потым нас абклалі вялізнымі падаткамі. Мы павінны былі мільёны і мільёны плаціць. Грошай у нас ужо не засталося, творы Віктара ў краіне не закупляліся, мы ў той час не маглі выехаць за мяжу на заробкі, бо нам не давалі дазвол на выезд. І таму адзіным выйсьцем было — перадаць царкву Беларускаму экзархату, які вызвалены ад дзяржаўных падаткаў на ўтрыманьне храмаў. А калі мы перасталі быць гаспадарамі царквы, то ў нас ніхто ня стаў пытацца, на якой мове ў ёй весьці службу. Нам яшчэ моцна пашанцавала, што настаяцелем быў прызначаны айцец Аляксандар — шчыры, сапраўдны беларус, які заўжды з намі знаходзіць паразуменне. Айцец Аляксандар перад прысутнай беларускай інтэлігенцыяй казаў, што ў блізкім часе пастараецца наладзіць беларускамоўныя службы. І сёлета, на Вялікдзень, ён казаньне прамаўляў па-беларуску. Мне прыемна, што першыя крокі зробленыя. Думаю, айцец Аляксандар зьдзейсьніць сваё абяцаньне, і беларусы будуць чуць тут беларускую мову.

— Да нашай гутаркі далучаецца настаяцель царквы Ўсіх беларускіх сьвятых айцец Аляксандар. Храм у вас невялікі, а ці многа прыхаджанаў?

— Вельмі шмат — нават месца не хапае. На першую службу прыйшлі 80 прычасьнікаў. А на нядаўняй службе на Пасху Хрыстову ў споведзі пабывалі 90 чалавек дарослых і 14 дзяцей. Што да мовы, то ўсе мы павінны добра ведаць беларускую мову і размаўляць на ёй. Царква ў гэтай справе заўсёды ішла насустрач вернікам і зьвярталася да іх на той мове, якую яны разумеюць. На жаль, шмат літаратуры, багаслоўскіх твораў я чытаю па-расейску. Таму трохі складана чытаць на адной, а зьвяртацца да людзей на іншай мове. Але калі наша краіна называецца Рэспубліка Беларусь, то і мова беларуская павінна аднавіцца. На ёй размаўлялі самыя выдатныя людзі нашай радзімы.
Айцец Аляксандар з мэмарыяльнай шыльдай Віктара Маркаўца. Аўтар – Генік Лойка

Айцец Аляксандар з мэмарыяльнай шыльдай Віктара Маркаўца. Аўтар – Генік Лойка



— Я ведаю, што скульптар Генік Лойка зрабіў для вашай царквы мэмарыяльную шыльду, прысьвечаную Віктару Маркаўцу. Калі вы зьбіраецеся яе ўсталяваць?

— Мабыць, да гадавіны з дня пахаваньня Віктара Пятровіча. Скульптар пайшоў крыху ня тым шляхам. Трэба было намаляваць эскіз, узгадніць яго з царкоўнай уладай, ці адпавядае ён традыцыі. Але, я думаю, усё будзе добра, і мы аддамо належнае Віктару Пятровічу, які ня толькі зрабіў праект храма, ня толькі яго будаваў і расьпісваў, але і ўклаў у яго стварэньне душу і сэрца.

— Тацьцяна, сьвятар кажа: будзе беларускамоўная грамада — будуць і беларускамоўныя службы. Ці ёсьць такая грамада ў Заслаўі?

— Калі пачыналі будаваць храм, было створана праваслаўнае брацтва, якое ўзначальвала Галіна Маркавец-Крываблоцкая. Але за апошнія 20 гадоў мы шмат каго страцілі — нехта памёр, нехта зьехаў за мяжу, нехта ўжо проста нямоглы. Таму цяпер бачу сваёй галоўнай задачай нанова арганізаваць у Заслаўі беларускае праваслаўнае брацтва. Спадзяюся, што знойдуцца памагатыя. Гэта што залежыць ад нас. Сьвятар, мы чулі, сваё слова сказаў. Тым ня менш, на сёньня для мяне як для адной з заснавальнікаў і будаўнікоў царквы Ўсіх беларускіх сьвятых застаецца самым балючым тое, што там не праходзяць беларускамоўныя службы.
Тацьцяна Гаранская і айцец Аляксандар каля царквы Ўсіх беларускіх сьвятых

Тацьцяна Гаранская і айцец Аляксандар каля царквы Ўсіх беларускіх сьвятых



— У Заслаўі ўжо даўно дзейнічае Спаса-Прэабражэнская праваслаўная царква, якая месьціцца ў колішнім кальвінскім зборы. Ці вы неяк зь ёю супрацоўнічаеце?

— Відаць, скажу нейкія крамольныя рэчы, але я ў старажытны Спаса-Прэабражэнскі храм не хаджу. Там настаяцелем айцец Мікалай. Большасьць праблемаў, якія мы мелі падчас будаўніцтва царквы, ствараў менавіта ён. Я яму не судзьдзя, гэта яго справы, і перад Богам ён за іх адкажа. На сёньня я — прыхаджанка царквы Ўсіх беларускіх сьвятых. Тут служыць айцец Аляксандар, шчыры да людзей і да веры. Са мной і Віктарам ён заўсёды размаўляў па-беларуску. Гэта сьветлы і ўзьнёслы беларус. Ён вядзе службу так, як яму наказана, але я ўпэўненая, што ён зробіць усё, каб у храме адбываліся беларускамоўныя службы. Калі ж у нашым прыходзе будуць кіраваць праціўнікі Беларусі і беларушчыны, я вымушаная буду езьдзіць у Менск, у сабор Пятра і Паўла, дзе ёсьць беларускі асяродак, дзе даўно і якасна наладжаныя беларускамоўныя службы.
  • 16x9 Image

    Міхась Скобла

    Міхась Скобла нарадзіўся ў 1966 годзе на Гарадзеншчыне. Скончыў філфак БДУ, працаваў у Міністэрстве культуры і друку, у рэдакцыі часопіса «Роднае слова», у выдавецтве «Беларускі кнігазбор». Сябра СБП і БАЖ.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG