Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Іпатаў і Лазавік гатовыя назіраць за ўкраінскімі выбарамі


Мікалай Лазавік
Мікалай Лазавік

Намесьнік старшыні Цэнтральнай выбарчай камісіі Вадзім Іпатаў і сакратар камісіі Мікалай Лазавік могуць непасрэдна назіраць за правядзеньнем выбараў прэзыдэнта Ўкраіны, якія прызначаныя на 25 траўня.

Менавіта іх кандыдатуры зацьвердзіла ЦВК Беларусі, якая ўжо атрымала запрашэньне ад сваіх украінскіх калег.

Пра гэта Свабодзе 25 красавіка паведаміў Мікалай Лазавік:

«Канчатковае рашэньне аб паездцы яшчэ не прынятае. Але ва ўсялякім разе я зь Іпатавым рыхтуемся туды ехаць. Часу яшчэ дастаткова, паколькі выбары там пройдуць толькі праз месяц. Мы сочым за сытуацыяй. Будуць выбары ці не — гэта таксама да канца невядома, можа па-ўсялякаму там павярнуцца. З-за гэтага мы не сьпяшаемся з канчатковым рашэньнем. Але гатоўнасьць ехаць ва Ўкраіну ў Лазавіка і Іпатава ўжо ёсьць».

«А калі вам прапануюць паехаць на паўднёвы ўсход Украіны, дзе зараз неспакойна, як тады?»

«У нас будзе статус міжнародных назіральнікаў. А прымаючы бок, калі запрашае назіральнікаў зь іншых краін, гарантуе ім бясьпеку. І таму пры абраньні рэгіёну гаспадары звычайна робяць так, каб міжнародныя экспэрты траплялі не ў самы небясьпечны рэгіён. Гэта — міжнародныя традыцыі: туды, дзе небясьпечна для жыцьця, міжнародных назіральнікаў звычайна не накіроўваюць. Канечне, калі толькі самі назіральнікі на гэтым не настойваюць».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG