Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кэры: Сьвет адзіны ў падтрымцы Ўкраіны і гатовы дзейнічаць


Джон Кэры
Джон Кэры

У адмысловай заяве, зробленай чацьвер, дзяржсакратар ЗША Джон Кэры папярэдзіў Расею, што акно магчымасьцяў для зьмены яе курсу ва Ўкраіне зачыняецца.

Кэры абвінаваціў Расею ў распальваньні нестабільнасьці ва Ўкраіне, каб атрымаць нагоду для яе падаўленьня, у жаданьні стварыць хаос для зрыву прэзыдэнцкіх выбараў, прызначаных на 25 траўня.

Паводле словаў Кэры, сваімі дзеяньнямі на ўсходзе Ўкраіны Расія сее хаос і эскаляцыю напружанасьці. Дзяржсакратар заявіў, што Расея выкарыстоўвае свае спэцыяльныя службы для распальваньня сэпаратызму. І ніякая прапаганда ня можа аспрэчыць факты, што так званыя мірныя пратэстоўцы выкарыстоўваюць новыя гранатамёты і гавораць з акцэнтам, якім карыстаюцца за тысячы кілямэтраў ад гэтых месцаў, сказаў ён.

Паводле ацэнкі Кэры, Расея працягвае фінансаваць і каардынаваць дзеяньні сэпаратыстаў у Данецку:

«Мы маем справу са сплянаванай ваеннай апэрацыяй і расейскія сілы ўдзельнічаюць у падрыўной дзейнасьці, а расейскія агенты падтрымліваюць дзеяньні сэпаратыстаў», — сказаў Кэры.

Замест выкананьня ўзятых на сябе абавязацельстваў у Жэнэве Расея не прадпрыняла ніводнага канкрэтнага кроку, ніводзін расейскі прадстаўнік ня выступіў па тэлебачаньні з заклікам спыніць гвалт на ўсходняй Украіне і вызваліць адміністрацыйныя будынкі, адзначыў дзяржсакратар. І, калі гэтыя дзеяньні будуць працягвацца, гэта будзе дарагой памылкай для Расіі, падкрэсьліў ён:

«Сьвет адзіны ў сваёй пазыцыі ў дачыненьні да Ўкраіны і, калі ня будзе дзеяньняў па зьняцьці напружанасьці, мы гатовыя дзейнічаць у адказ», — заявіў Кэры.

Кэры адзначыў, што расейская эканоміка ўжо адчула наступствы санкцый, што прызнаў прэм’ер Мядзьведзеў і нават прэзыдэнт Пуцін:

«70 мільярдаў даляраў ужо пакінулі Расею, а Цэнтральны банк выдаткаваў 20 мільёнаў даляраў на падтрыманьне рубля» — нагадаў ён, але гэта пакуль толькі пачатак, сказаў дзяржсакратар.

Кіраўнік амэрыканскай дыпляматыі нагадаў, што перамовы ў Жэнэве па вырашэньні крызысу ва Ўкраіне адбыліся тыдзень таму і прайшлі па просьбе расейскага боку пасьля тэлефоннай размовы прэзыдэнтаў Расеі і ЗША. Па словах Кэры, не можа быць ніякай інтэрпрэтацыі Жэнэўскіх дамоўленасьцей, сутнасьць якіх у дээскаляцыі канфлікту, вызваленьні захопленых адміністрацыйных будынкаў, бесьперашкодным допуску назіральнікаў АБСЭ:

«У Жэнэве мы дамовіліся, што ўсе бакі складуць зброю і вызваляць будынкі, якія яны займаюць», — нагадаў Кэры.

Кэры заявіў, што з першага дня дамоўленасьцей ў Жэнэве ўрад Украіны на чале з Арсенем Яцанюком супрацоўнічае з АБСЭ і выконвае ўзятыя абавязацельствы, абвясьціў аб прыхільнасьці да правядзеньня канстытуцыйнай рэформы, наданьню спэцыяльнага статусу расейскай мове, уліку інтарэсаў расейскамоўнага насельніцтва.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG